Алесь Пушкін

Суд над мастаком пачнецца 10 сакавіка і пройдзе ў Мінскім гарадскім судзе.

Як вядома, Алесь Пушкін знаходзіцца за кратамі з сакавіка 2021 года. Паводле версіі Генпракуратуры, мастак «здзейсніў дзеянні, накіраваныя на прапаганду нацызму і дзейнасці беларускіх калабарацыянісцкіх арганізацый». Маецца на ўвазе размяшчэнне на выставе ў Гродне партрэта ўдзельніка пасляваеннага беларускага антысавецкага руху Яўгена Жыхара.

Таксама склад злачынства сілавікі ўбачылі і ў іншых творах і акцыях мастака.

– За апошнія чатыры месяцы атрымала ад Алеся толькі адзін ліст, – распавяла «Народнай Волі» Яніна, жонка мастака. – Прыходзілі толькі невялікія паштоўкі, у якіх было літаральна некалькі слоў. Да таго ж стала вядома, што мужу вярнулі і яго шматлікія лісты, якія ён пісаў сябрам і знаёмым на волю.

А вось у тым адзіным лісце, які дайшоў да мяне, Алесь напісаў мне пра сон, які прысніў. Ён даволі незвычайны. Маўляў, муж працаваў на рэстаўрацыі касцёла і знайшоў скарб – вельмі шмат залатых манет. Алесь іх напіхаў у штаны, а яны спусціліся ўніз такім цяжарам, што не мог ісці. Так гэты сон і скончыўся. Не ведаю, што ён азначае, але цяжар зараз і насамрэч на нагах мужа.

Яніна дадае, што не можа спрагназаваць, чым закончыцца працэс над Алесем, але з гэтай нагоды таксама ўбачыла сон:

– Прысніла, што па адным артыкуле мужу далі тры гады зняволення, па другім – тры, а затым і яшчэ адна тройка намалявалася ўва сне. Атрымалася – дзевяць…

Публікацыя з № 18 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»