
На днях прайшла інфармацыя, што затрыманы старшыня Свабоднага прафсаюза металістаў Аляксандр Бухвостаў.
«Народная Воля» даведалася падрабязнасці.
– Ператрус сапраўды быў, але мяне не затрымалі, – распавёў Аляксандр Іванавіч. – Затрымалі маіх калег. Ператрус быў у офісе, забралі вельмі шмат дакументацыі…
– А каго затрымалі? Чытала афіцыйныя навіны пра Ігара Комліка…
– Комліка затрымалі раней. І, як я разумею, на падставе яго затрымання ўжо прыйшлі да нас і зрабілі ператрус, прычым дастаткова брутальны.
Яшчэ затрымалі майго намесніка Аляксандра Еўдакімчыка. Ён прыйшоў у офіс, якраз калі нас ужо паставілі да сцяны. Мусіць, калі б ён прайшоў міма, можа, застаўся б на волі. А ён пачаў задаваць пытанні. І яго таксама паставілі да сценкі. Пры гэтым штурхнулі, а ён з-за гэтага адштурхнуў супрацоўніка праваахоўных органаў. І зараз яму інкрымінуюць супраціў органам правапарадку, ён за кратамі.
– А Комліка ў чым абвінавачваюць?
– Нібыта ён распаўсюджваў нейкія лісты на адрас сябраў выбарчых камісій…
– Дадому да вас з ператрусам не прыходзілі?
– Пакуль не. Але зараз ужо чакаеш усяго. І не вядома, што будзе. Могуць жа ўрэшце і прафсаюз закрыць. Увогуле нейкія прагнозы рабіць немагчыма.
– На ўсякі выпадак спытаюся: з’язджаць не збіраецеся?
– Не. Ды і куды? Пакуль Свабодны прафсаюз меалістаў працягвае працаваць.
– Як у вас настрой у цэлым?
– Калі глядзець на ўсё тое, што сёння адбываецца навокал, – яшчэ ўсё нармальна. А калі ў цэлым… Вайна сёння засланіла ўсе іншыя пытанні. Ніхто не чакаў такіх вынікаў. Падазравалі, казалі пра гэта, але не верылася, што ў наш час такое можа адбыцца. Думаў, што ўсё абыдзецца проста прызнаннем ДНР-ЛНР. Але не…
Да канца не зразумела, як усё гэта адаб’ецца на Беларусі, на нас усіх.
Думаю, Аляксандр Лукашэнка сёння выдатна разумее, чым усё гэта можа скончыцца. І калі ён стане ў расійскі строй – усё, гэта будзе канец у тым ліку і яму самому. А так ён яшчэ можа паспрабаваць адвесці вайну ад Беларусі. Зразумела, што ў яго зараз свая вялікая гульня.
Паглядзім, чым усё скончыцца. Ясна адно: часы для ўсіх зараз вельмі няпростыя…
Публікацыя з № 18 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.
Поделиться ссылкой:
Падтрымаць «Народную Волю»
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!