Засталося максімум 10 дзён, каб спыніць атакі расійскіх войскаў на Украіну з тэрыторыі Беларусі

Новая рэдакцыя Канстытуцыі Беларусі прынята. У сувязі з гэтым ёсць і добрая навіна: у расійскіх войскаў застаецца 10 дзён, каб спыніць атакі на Украіну з нашай тэрыторыі. Беларускім маці застаецца 10 дзён хапацца за сэрца, баючыся, што іх сыноў кінуць на вайну з братнім народам.

Справа ў тым, што ў Асноўны закон Беларусі дададзены наступны артыкул: «Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненні да іншых дзяржаў».

Раней такога палажэння ў Канстытуцыі не было.

Згодна з той рэдацыяй Канстытуцыі, за які беларусы галасавалі на рэферэндуме, змены і дапаўненні ўступаюць ў сілу праз 10 дзён пасля рэферэндуму. І, дарэчы, гэты тэрмін Аляксандр Лукашэнка ўвёў сваім указам, бо першапачаткова было прапанавана, каб змены ў Канстытуцыю набылі сілу з дня яе апублікавання.

Такім чынам, пытанне стаіць рубам: ці пойдзе А.Лукашэнка з першых жа дзён дзеяння новай рэдакцыі Канстытуцыі на яе парушэнне? Насцярожваюць яго словы, сказаныя на нарадзе з ваеннымі ў першы дзень уварвання расійскіх войскаў ва Украіну: «Мы тут апраўдвацца не будзем з нагоды таго, што ўдзельнічаем – не ўдзельнічаем у гэтым канфлікце. Яшчэ раз кажу: нашых войскаў там няма. Але, калі трэба будзе, калі гэта будзе неабходна Беларусі і Расіі, яны будуць».

Паводле новай рэдакцыі Канстытуцыі, нашых войскаў там не павінна быць, бо Украіна на Беларусь не нападала. За гэта, калі верыць Цэнтрвыбаркаму, прагаласаваў народ.

Публікацыя з № 17 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»