На фоне вайны ва Украіне на другі план адышлі навіны пра беларускі рэферэндум, але ён адбыўся.

Учора папярэднія вынікі агучыў старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар Карпенка.

«У адпаведнасці з артыкулам 121 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, рашэнне аб змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала большасць грамадзян, унесеных у спісы для галасавання», – нагадаў Ігар Карпенка. Паводле яго слоў, агульная колькасць грамадзян, унесеных у спісы ўдзельнікаў рэферэндуму, склала 6.815.667 чалавек. У галасаванні ўзяў удзел 5.359.471 грамадзянін, або 78,63%. Такім чынам, рэспубліканскі рэферэндум адбыўся.

Паводле папярэдніх дадзеных Центрвыбаркама, за прыняцце змяненняў і дапаўненняў да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прагаласавалі 4.440.813 грамадзян, што склала 82,86% ад тых, хто галасаваў. Або 65,16% ад усіх, унесеных у спісы для галасавання.

Супраць прыняцця змяненняў і дапаўненняў прагаласавалі 686.165 удзельнікаў рэферэндуму, што складае 12,8% ад тых, што прагаласавалі, або 10,07% ад унесеных у спісы для галасавання.

Як паведамілі ў Цэнтральнай камісіі, канчатковыя вынікі рэферэндуму будуць падведзены 3 сакавіка.

Нагадаем, што незалежнага назірання за ходам рэферэндуму практычна не было, назіральнікаў ад АБСЕ беларускія ўлады не запрашалі, так што рэферэндум прайшоў, як кажуць, ціха-мірна, але вынікі яго наўрад ці будуць прызнаны цывілізаваным светам. Няма сэнсу каментаваць тыя лічбы, якія агучыў І.Карпенка. Час высветліць, наколькі новы варыянт Канстытуцыі паспрыяе дэмакратычнаму развіццю Беларусі. Не выключана, што не за гарамі той час, калі давядзецца прымаць новы Асноўны закон.

Публікацыя з № 17 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»