Ганна Місуна

(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–100 за 2021 год, №№1–16.)

Ганна Баляславаўна Місуна (12 лістапада 1868 г. – 2 май 1922 г.)

Ганна Місуна – першая жанчына-геолаг у Беларусі, Расіі, Літве, Польшчы.

Нарадзілася ў беднай сялянскай сям’і ў в.Быкаўшчына (цяпер Чашніцкі раён Віцебскай вобласці). У 1887 годзе ў г.Рызе скончыла прыватную польскую гімназію. Там жа працавала тры гады настаўніцай. Затым вярнулася на радзіму, дзе як натура творчая займалася самаадукацыяй, галоўным чынам у галіне батанікі і энтамалогіі. Але жаданне прадоўжыць адукацыю прывяло яе ў Маскву, дзе яна ў 1896 годзе скончыла «Калектыўныя ўрокі» (часовая назва маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў). Падчас вучобы ў Маскве слухала лекцыі такіх знакамітых вучоных, як А.П.Паўлаў, У.І.Вярнадскі, У.Д.Сакалоў, М.А.Мензбір і іншых, захапілася геалогіяй і выбрала свой шлях у далейшым жыцці – геалогію ледавіковага перыяду. Масква стала яе другой радзімай.

Тонкая назіральнасць, прыродны розум, смелае мысленне зрабілі гэты шлях арыгінальным і незалежным. Чатыры гады (1898–1901) Г.Місуна даследавала рэльеф у басейне Заходняй Дзвіны і Нёмана. Адна, раз’язджаючы на возе, з дапамогай выпадковых рабочых і часта на асабістыя зберажэнні або на нязначныя субсідыі Маскоўскага таварыства выпрабавальнікаў прыроды, членам якога яна была з 1898 года, і Расійскага мінералагічнага таварыства яна змагла выканаць працу вялікага значэння: упершыню дала навуковае тлумачэнне ледавіковаму рэльефу Беларусі, першай у Расіі прапанавала методыку вывучэння канцавых марэн і краявых ледавіковых утварэнняў у цэлым, выявіла сярод чацвярцічных утварэнняў сляды некалькіх зледзяненняў. Вывучала геалогію цэнтральнай і заходняй Беларусі, лёсавыя адклады Навагрудскага ўзвышша, праводзіла геалагічныя і гідрагеалагічныя пошукі ў Расіі. З 17 вядомых прац пытанням геалагічнай будовы Беларусі і прылягаючых тэрыторый Літвы і Польшчы прысвечаны дзевяць; астатнія тычацца геалогіі або палеанталогіі Крыма, Падмаскоўя і Калінінскай вобласці.

З 1919 года Г.Місуна працавала прыват-дацэнтам геалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта. Яна стаяла ля вытокаў жаночай геалагічнай адукацыі ў Расіі. Разам з У.Д.Сакаловым стварыла школу жанчын-геолагаў. Сярод яе вучаніц – В.А.Варсаноф’ева, Д.М.Раўзер-Чарнавусава, Т.А.Дабралюбава і іншыя.

Г.Місуна актыўна ўдзельнічала ў рабоце многіх навуковых таварыстваў, выступала з дакладамі, уплывала на развіццё даследаванняў ледавіковай фармацыі як на тэрыторыі Беларусі, так і на сумежных тэрыторыях.

Жыццё Г.Місуны з’яўляецца ўзорам служэння навуцы, а дзейнасць яе як геолага-чацвярцічніка стала тым падмуркам, на якім вядзецца праца вучоных розных краін у галіне гляцыямарфалогіі, палеагеаграфіі і стратыграфіі адкладаў ледавіковай фармацыі.

Вялікая навуковая праца і педагагічная дзейнасць, цяжар Першай сусветнай вайны, а затым і грамадзянскай падарвалі яе здароўе, і яна памерла ва ўзросце 53 гадоў. Пахавана на Новадзявочых могілках у Маскве.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 17 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»