Жыхары сталіцы ў сваіх паштовых скрынях знаходзяць бясплатны спецыяльны выпуск газеты «Вячэрні Мінск», прысвечаны рэферэндуму. Тыраж – больша за 250 тысяч экзэмпляраў, 16 старонак. Галоўны слоган – «Скажи свое «да»!». Галоўны загаловак – «Есть чем гордиться», які адлюстроўвае змест усяго выпуску, кожнага матэрыялу. Толькі вось самога тэксту праекта новай рэдакцыі Канстытуцыі ў спецвыпуску няма.

Як вядома, тэкст новай рэдакцыі Канстытуцыі быў абнародаваны на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале 27 снежня мінулага года «для абмеркавання». Як бы ні праходзіла тое абмеркаванне, але былі і заўвагі, і прапановы, выявіліся дыскусійныя моманты. У выніку на рэферэндум вынесены крыху іншы праект, у якім, напрыклад, вызначаецца, што «дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на снове ідэалогіі беларускай дзяржавы», хаця ў першапачатковым варыянце такога не было.

Указ аб прызначэнні рэферэндуму на 27 лютага апублікаваны шмат дзе, але ён выглядае прыкладна так:

«У артыкуле 7 частку другую пасля слова «асобы» дапоўніць словамі «арганізацыі і грамадзяне».

У часты чацвёртай словы «акты дзяржаўных органаў публікуюцца» замяніць словамі «прававыя акты падлягаюць афіцыйнаму апублікаванню»…»

І так па ўсім тэксце. Каб разабрацца што да чаго, трэба абкласціся тэкстамі і вылоўліваць, якія словы на якія заменены. Дзе ж можна азнаёміцца з поўным тэкстам новай рэдакцыі Канстытуцыі, якая вынесена на рэферэндум?

Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал. Тэкст указа – «словы такія замяніць на словы такія» – ёсць. Ёсць першапачатковы праект, вынесены на абмеркаванне. На галоўнай старонцы партала можна азнаёміцца і з тэкстам дзеючай Канстытуцыі. А вось праекта, які па выніках абмеркавання вынесены на рэферэндум, я не знайшла ні на галоўнай старонцы, ні нават праз пошукавік.

Сайт прэзідэнта. Усе матэрыялы, прысвечаныя змене Канстытуцыі і рэферэндуму, доўга шукаць не трэба – яны выдзелены ў спецыяльны блок, які прыцягвае да сябе ўвагу. Аднак… Ёсць спасылка на праект, вынесены на абмеркаванне. Ёсць нават аўдыяварыянт рэдакцыі Канстытуцыі, што быў прапанаваны для абмеркавання. Ёсць указ аб прызначэнні рэферэндуму – той самы рэбус «замяніць тое на тое». Але поўнага тэксту той рэдакцыі Канстытуцыі, за якую прапанавана галасаваць людзям, таксама няма.

На сайтах дзяржаўных СМІ па адзіным узоры ў чырвона-зяленых колерах выдзелены рубрыкі, у якіх сабраны матэрыялы, прысвечаныя рэферэндуму.

«Актывісты БРСМ запрашаюць жыхароў вобласці прыйсці на рэферэндум», – паведамляе «Мінская праўда».

«Зрабіць вуліцы больш светлымі і развіваць лідарскія здольнасці», – пра абмеркаванне новага праекта Канстытуцыі на «Гомель-Ратоне» расказвае «Гомельская праўда». Хаця пра святло на вуліцах, як вы разумееце, у Канстытуцыі не сказана анічога.

«Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка абмеркаваў праект Канстытуцыі з калектывам Лёзненскай раённай бальніцы», – рапартуюць «Витебские вести».

«За што будуць галасаваць беларусы на рэферэндуме?» – піша «СБ. Беларусь сегодня». І адказвае вуснамі розных статусных асоб: за галоўныя каштоўнасці, за будучыню, за падмурак дзяржавы, за патрыятызм…

Усё гэта цудоўна. Але сапраўды, за што канкрэтна будуць галасаваць беларусы на рэферэндуме, калі поўны тэкст новай рэдакцыі Канстытуцыі яшчэ трэба пастарацца знайсці?

Я яго ўсё ж знайшла – на сайце дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА. Але колькі беларусаў пройдуць гэты квест «Знайдзі і прачытай новую рэдакцыю Канстытуцыі»? Чаму нельга было надрукаваць тэкст спецвыпускам і кінуць у паштовую скрыню кожнаму?

Не выключана, што спасылкі на адпаведную старонку сайта БЕЛТА з’явяцца і на іншых інтэрнет-рэсурсах. Але галасаванне пачынаецца ўжо сёння, 22 лютага. Выходзіць, што многія нават не даведаліся, за што канкрэтна ім прапанавана галасаваць. За мір? За будучыню? За стабільнасць?.. Вось толькі ўсё гэта дэмагогія, агульныя словы, інфармацыйныя бурбалкі. А іншага людзі не пачулі і не пабачылі.

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка сустракаўся з прадстаўнікамі Следчага камітэта і абмяркоўваў бяспеку членаў выбарчых камісій, ён вырашаў пытанне шторак-фіранак на кабінах для галасавання, абмяркоўваў падрыхтоўку да рэферэндуму з назіральнікамі ад СНД, якія заўсёды і паўсюль бачаць тое самае, што дзеючая ўлада… Але да таго, што за тыдзень да пачатку галасавання яшчэ не быў шырока абнародаваны поўны тэкст дакумента, вынесенага на рэферэндум, яму ніякай справы не было. Ён не выступіў з адпаведнай прапановай, не стаў грукаць у дзверы выканкамаў, каб выправіць сітуацыю… Што, з беларусамі зноў гуляюць уцёмную?

Публикация из № 15 газеты “Народная Воля”. Подписаться на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»