
Гродзенскае гарадское тэлебачанне сумесна з гарадскім выканкамам і ўніверсітэтам імя Янкі Купалы арганізавала трансляцыю беларускай дыктоўкі ў фармаце анлайн-відэа.
У якасці тэксту дыктоўкі быў абраны верш Янкі Купалы «Спадчына», які ў прамым эфіры на YouTube-канале чытала вядучая тэлеканала «Гродна Плюс» Аляксандра Радковіч. Перад гэтым прагучала песня, напісаная на гэты твор Янкі Купалы.
У горадзе працавалі адразу некалькі студый, якія маглі ўключацца ў прамы эфір: у Гродзенскім гарадскім выканаўчым камітэце, ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы, яшчэ ў адной са студый дыктоўку пісалі гродзенскія спартсмены, працавала студыя моладзі Гродна.
Паведамлялася таксама, што ў фармаце анлайн-відэа да напісання дыктоўкі далучыліся студэнты Маскоўскага ўніверсітэта імя Ламаносава, супрацоўнікі беларускага пасольства ў Кітаі і каля 50 універсітэтаў Кітая.
Усе жадаючыя ў Беларусі маглі пісаць дыктоўку, седзячы перад сваімі камп’ютарамі і падключыўшыся да трансляцыі на YouTube-канале.
Дыктоўка, паводле інфармацыі арганізатараў, была прысвечана адразу тром падзеям: 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы, Міжнароднаму дню роднай мовы і 82-годдзю заснавання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Публікацыя з № 15 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.
Поделиться ссылкой:
Падтрымаць «Народную Волю»
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!