Падвядзенне вынікаў рэферэндуму па змене Канстытуцыі адрозніваецца і ад выбараў, і ад рэферэндумаў па іншых пытаннях. Так, звычайна трэба, каб удзел у галасаванні ўзялі больш за 50 працэнтаў выбаршчыкаў, унесеных у спісы, і з іх больш за 50 працэнтаў аддалі свой голас нейкаму кандыдату ці нейкаму варыянту адказу на пытанне рэферэндуму. Аднак пры галасаванні па змене Канстытуцыі патрабаванні больш сур’ёзныя.

Згодна з артыкулам 121 Выбарчага кодэкса, прызнаецца, што рэферэндум адбыўся, калі ўдзел у галасаванні ўзялі больш за палову грамадзян, унесеных у спісы для галасавання.

Рашэнне па змене ці дапаўненні Канстытуцыі лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала не проста большасць удзельнікаў галасавання, а большасць грамадзян, унесеных у спісы для галасавання. Іншымі словамі, тыя, хто не прыйшоў галасаваць, таксама ўлічваюцца.

І яшчэ адна цікавая акалічнасць. У Выбарчым кодэксе размова ідзе менавіта пра ўдзел у галасаванні, а не пра тых, хто проста прыйшоў на ўчастак і атрымаў выбарчы бюлетэнь. Чалавек жа можа не прагаласаваць, а знесці бюлетэнь дадому ў якасці сувеніра. У гэтым сэнсе цікава, ці будуць выбаркамы 27 лютага яшчэ ў абед рапартаваць, што рэферэндум адбыўся. Бо да закрыцця участкаў для галасавання і падліку бюлетэняў камісіі проста не могуць ведаць, колькі выбаршчыкаў прагаласавала. Яны могуць рапартаваць толькі пра яўку выбаршчыкаў. А гэта не адно і тое ж.

Публікацыя з № 15 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»