Фота https://ldpb.by

У мінулую суботу Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі правяла форум пад умоўнай назвай «Патрыятычны кангрэс». У ім бралі ўдзел прадстаўнікі шэрагу палітычных і грамадскіх арганізацый, былі таксама замежныя госці.

Цікава, а ці запрашаў Алег Гайдукевіч калег з апазіцыйных партый – тых жа Сяргея Калякіна, Ігара Барысава, Сяргея Чэрачня і іншых?

Іван КРЫЛОВІЧ, Мінск.

***

Адказаць на гэтае пытанне «Народная Воля» папрасіла старшыню ЛДП Алега Гайдукевіча.

– Я запрашаў тых, хто падтрымлівае тое, што мы гаворым, – адказаў Алег Сяргеевіч. – Навошта зваць тых, хто выступае катэгарычна супраць нашых ідэй? Гэта глупства нейкае. Мы запрашалі тых, з кім гатовы разам змагацца за будучае краіны. Хто з гэтых партый, якія вы назвалі, падтрымлівае рэферэндум і новы праект Канстытуцыі? Ніхто. Таму яны няхай свой форум праводзяць. Іншая справа, што іх партыі сёння нежывыя. На парламенцкіх выбарах па два-тры кандыдаты выстаўлялі, у прэзідэнцкіх выбарах яны не ўдзельнічалі…

– Ну як не ўдзельнічалі, калі, напрыклад, той жа Сяргей Чэрачэнь быў кандыдатам у прэзідэнты ў 2020 годзе?

– Чэрачэнь хадзіў, а вось сапраўднай партыі ў яго няма. І тут вам няма чаго запярэчыць. Таму шкада, але проста няма з кім мне там размаўляць.

А на наш форум мы запрасілі тых, хто падтрымлівае нашы ідэі. Але запрошаных было не так і шмат, усяго 87 чалавек: чыноўнікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Астатнія – члены нашай партыі, з усіх куткоў Беларусі прыехалі.

– Вы лічыце, што калі ёсць разыходжанні ў поглядах, то і збірацца разам для абмеркавання нейкіх праблем не варта? А памятаеце, як у 2020 годзе праўладныя і апазіцыйныя партыі разам падпісалі рэзалюцыю наконт таго, што адбылося ў 2020 годзе?

– Я хачу, каб мы нарэшце прынялі закон аб палітычных партыях і правялі сумленную перарэгістрацыю. А потым ужо з усімі будзем размаўляць. Але спачатку, на маю думку, трэба разабрацца, хто ёсць, а каго няма. І я настойваю на тым, каб у законе быў прапісаны парог колькасці сябраў для партый не менш за 5000.

– Некаторыя лічаць, што гэта зашмат.

– Самае галоўнае – каб былі рэгіянальныя структуры, жывыя офісы. Калі партыя ў рэгіёне не мае магчымасці зняць офіс, значыць, там проста няма людзей. Калі ў Віцебску пяць чалавек не могуць скінуцца па долары і зняць памяшканне, значыць, ніякай партыі ў тым рэгіёне няма, я так лічу. Таму і кажу пра неабходнасць перарэгістрацыі. Трэба разабрацца, якія з партый у нас сёння засталіся жывымі. І я супраць зніжэння колькасці членаў, наадварот, падвышаць трэба! Ну што гэта за партыя – 500 чалавек? Гэта грамадская арганізацыя, аматары. Партыя павінна быць сілай! Можа, застанецца некалькі партый, але няхай яны будуць моцнымі.

І мне падаецца, што зараз грамадства якраз саспела для новых партый. Таму перарэгістрацыя пакажа, хто ёсць хто. Але ўмова павінна быць адзіная і вельмі жорсткая для ўсіх: атрымаў адзін долар з-за мяжы – адразу на ліквідацыю.

– Ужо даўно, дарэчы, прапаноўвалі, каб партыі фінансавала дзяржава.

– Вось глядзіце: я правёў кангрэс за свае грошы, нам ніхто не дапамагаў. Калі ёсць партыя, людзі, то няма ніякіх бар’ераў. Калі ў партыі 1000 чалавек і кожны скінецца па адным долары – любое мерапрыемства можна правесці, гэта не праблема. Моц любой партыі – гэта людзі.

Публікацыя з № 14 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»