Конституция

У дзеючай Канстытуцыі існавала нейкая прававая абракадабра. З аднаго боку, прадугледжвалася, што выбаршчыкі могуць адклікаць чалавека, якога абралі на выбарчую пасаду, у выпадку, калі ён не апраўдаў даверу. Але тычылася гэта толькі дэпутатаў. Што ж да прэзідэнта, то нават тэарэтычна выбаршчыкі не маглі выказаць яму недавер і адклікаць з пасады. А што на гэты конт сказана ў праекце новай рэдакцыі Канстытуцыі?

Сяргей ЗАЙКОЎСКІ, Мінск.

***

Згодна з праектам новай рэдакцыі Канстытуцыі, выбаршчыкі могуць ініцыяваць адхіленне прэзідэнта ад пасады. Але для таго, каб адхіленне адбылося, гэтага будзе недастаткова.

У артыкуле 88 новай рэдакцыі Канстытуцыі запісана так: «Прэзідэнт можа быць адхілены ад пасады Усебеларускім народным сходам у выпадку сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі, здзяйснення дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства.

Прапанова аб прад’яўленні абвінавачвання прэзідэнту і адхіленні яго ад пасады ўносіцца Усебеларускаму народнаму сходу па ініцыятыве не менш як адной трэці ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў або не менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам».

Такім чынам, тэарэтычна, паводле новай Канстытуцыі, калі яна будзе прынята, 150 тысяч выбаршчыкаў могуць ініцыяваць працэдуру імпічменту прэзідэнта. Але канчатковае рашэнне – за так званым Усебеларускім народным сходам.

Калі гаварыць канкрэтна пра Аляксандра Лукашэнку, то паколькі ён мае намер узначаліць УНС, то наўрад ці дазволіць ставіць пытанне аб сваёй датэрміновай адстаўцы з пасады прэзідэнта, нават калі нехта здолее сабраць 150 тысяч подпісаў выбаршчыкаў пад гэтай ініцыятывай. Знойдзецца не адна нагода, каб воля вялікай колькасці грамадзян была праігнаравана.

Дарэчы, 150 тысяч подпісаў – гэта не такая ўжо вялікая лічба. Нагадаем, што на мінулых выбарах штаб Віктара Бабарыкі рапартаваў пра збор больш як 400 тысяч подпісаў у яго падтрымку. Але ўспомнім, як потым гэтыя подпісы бракаваліся…

Публікацыя з № 14 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»