Фермерская прастора “Фальварак”, дзе можна набыць экалагічна чыстыя мяса, каўбасы, мясныя чыпсы, гародніну і садавіну, сыры, тварог, хлеб і печыва, пачала дзейнічаць у Гродне. 

“Фальварак” – гэта супольнасць фермераў і прыватных гаспадарак Гродзенскай вобласці. Так абазначыў новую структуру адзін з яе арганізатараў індывідуальны прадпрымальнік Ігар Талочка.

Паводле яго меркаванню, у вобласці ёсць шмат людзей з “залатымі рукамі”, якія займаюцца вытворчасцю экапрадуктаў, але ніколі раней у абласным цэнтры  не было такога месца, дзе б іх усе разам маглі рэалізаваць. Ігар распавядае, што прапанаваў гэтую ідэю фермерам у чаце “Вясковыя прадукты” і многія адклікнуліся. Так была створана супольнасць фермераў, а далей перайшлі да канкрэтных спраў.

– Знялі памяшканне, кожны фермер заключыў дамову і плаціць за арэнду, – распавядае Ігар. – Мы імкнёмся ўсё рабіць згодна з заканадаўствам.

Першапачаткова адкрылі 22 гандлёвыя месцы, праўда, у першы дзень не ўсе фермеры здолелі іх заняць, паколькі шмат хто, са слоў суразмоўцы, хварэе каранавірусам.

– Адметнасць нашай прасторы ў тым, што ўсе прадукты тут экалагічна чыстыя, – падкрэслівае Талочка. – Ніякіх хімічных дадаткаў, усё зроблена рукамі, як некалі гэта рабілі нашы бабулі і дзядулі. І кожны за сваю прадукцыю адказвае, як кажуць, галавой.

Фермерская прастора адрозніваецца ад звычайных рынкаў ужо хаця б тым, што працуе толькі тры дні ў тыдзень і з 15 да 20 гадзін, каб людзі маглі прыйсці сюды і пасля працы.

Экапрадукты “Фальварка”
Фота https://schuchin.info

– Ну і нарыхтаваць, скажам, сыроў альбо каўбас, каб гандляваць імі тры дні, трэба цэлы тыдзень працаваць з раніцы да вечара, паколькі ўсё робіцца ўручную, – тлумачыць Талочка. – Гэта не вытворчасць на мясакамбінаце, а вельмі затратная ручная праца.

А вось што кажуць аб гэтым самі фермеры.

Надзея і Алег Шатровы побач з Гроднам займаюцца фермерствам ужо некалькі год, нягледзячы на тое, што маюць тэхнічную адукацыю. Проста аднойчы наведалі Адыгею і ім вельмі спадабаліся мясцовыя сыры. Цяпер у іх свая сыраварня, на стале больш дзясятка самых розных сыроў, у тым ліку і адыгейскія. Усё гэта яны робяць самі, сваёй сям’ёй і ўсім гэта вельмі падабаецца.

– Мы шмат падарожнічалі, былі больш чым у 20 краінах і з кожнай прывозілі рэцэпты тых сыроў, якія нам прыйшліся па смаку, – распавядае спадарыня Надзея. – Аказалася, што гэта падабаецца і нашым людзям.

Спадарыня Надзея кажа, што да адкрыцця фермерскай прасторы рэалізоўвалі сваю прадукцыю альбо праз інтэрнэт, альбо для пастаянных пакупнікоў, якія прызвычаіліся яе ў іх купляць.

– Мы, калі вы заўважылі, імкнёмся вырабляць сыры, якія не купіш у крамах і цяпер не прывязеш з-за мяжы, – падкрэслівае спадарыня.

З “Фальваркам” сям’я звязвае пэўныя надзеі і перспектывы, паколькі разумее, што сюды можа завітаць значна больш пакупнікоў, чым праз чаты.

Жэня і Лёша Наруцкія маладая сямейная пара таксама з-пад Гродна. Яны прадаюць хатнюю каўбасу, бачок, паляндвіцу, мясныя чыпсы і іншыя мясныя вырабы. Абое маюць вышэйшую адукацыю, Лёша працуе, Жэня  – у дэкрэтным адпачынку.

Яны не займаюцца фермерствам, але мяса, з якога зроблена іх прадукцыя, выгадавана менавіта ў фермераў. Маладыя людзі распавядаюць, што заняліся гэтым таму, што іх маленькаму дзіцяці трэба было з медыцынскіх прычын харчавацца выключна экалагічнымі прадуктамі. Паступова гэта перарасло ў нешта большае, паколькі, як аказалася, такія прадукты патрэбныя не толькі многім дзецям, а і дарослым.

– Працуем кожны дзень, вольнага часу няма, – гаворыць Лёша. – Але іншага выйсця, каб сёння выжываць, таксама няма. Галоўнае, нам абаім гэта вельмі падабаецца.

Андрэй Маліноўскі ў Шчучынскім раёне мае пасеку, а тут прадае мёд. Кажа, што з пчоламі спачатку займаўся па-аматарску, а вось ужо чатырнаццаць год гэта яго асноўная праца. Сваю прадукцыю прадаваў на міні-рынках, арэндаваў месца ў крамах, а ў “Фальварку” яму, здаецца, найбольш утульна, бо побач усе такія ж прадаўцы, як і ён. І, маўляў, зручна, бо падобнай прасторы, дзе можна набыць выключна экалагічныя прадукты ў Гродне не было.

– Я ўвесь свой мёд прадаю ў розніцу, кажа Андрэй. – З гэтага можна жыць, але гэтай справе трэба сябе прысвячаць.

Дарэчы, у першы дзень працы “Фальварка” сюды пацягнуліся пакупнікі і нават утварыліся чэргі. Любяць у нас людзі ўсё ж з’есці натуральнае.

Публікацыя з № 13 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»