У новай рэдакцыі Канстытуцыі закладзена такая схема іерархіі улады: Усебеларускі народны сход – прэзідэнт – парламент.

Некаторыя праўладныя агітатары спрабавалі заблытаць людзей (ці самі заблыталіся): маўляў, істотна нічога не зменіцца, а УНС, як і раней, не будзе мець паўнамоцтваў умешвацца ў дзейнасць іншых галін улады.

Вось, напрыклад, у чым пераконваў так званы сенатар Уладзімір Лук’янаў:

«Наданне канстытуцыйнага статусу УНС выклікана перш за ўсё неабходнасцю сфарміраваць сістэму стрымак і проціваг на выпадак прыняцця на розных узроўнях рашэнняў, якія супярэчаць менавіта нацыянальнай бяспецы. УНС не можа ўмешвацца ў дзейнасць галін улады, але можа стаць дзейным заслонам непрадуманым рашэнням», – заяўляў спадар Лук’янаў.

Але чытаем, што напісана пра паўнамоцтвы Усебеларускага народнага сходу ў новым праекце Канстытуцыі. Артыкул 89-3: «Дае абавязковыя для выканання даручэнні дзяржаўным органам і службовым асобам, атрымлівае інфармацыю ад дзяржаўных органаў і службовых асоб, ажыццяўляе іншыя ўстаноўленыя Канстытуцыяй і законамі паўнамоцтвы, неабходныя для рэалізацыі ўскладзеных на яго канстытуцыйных функцый».

«Дае абавязковыя для выканання даручэнні…» Ці гэта не ўмяшальніцтва ў дзейнасць? А каго слухаць дзяржаўным органам і службовым асобам, калі ад прэзідэнта даручэнне адно, а ад прэзідыума УНС – іншае? Гэтыя моманты ў Канстытуцыі не прапісаны.

Але галоўная недарэчнасць прапанаванай новай уладнай іерархіі, на мой погляд, вось у чым. Вызначана, што прэзідэнта так ці інакш, але выбірае народ. А вось хто будзе выбіраць Усебеларускі народны сход, не вядома. Дакладна вядома толькі тое, што ўсеагульнага галасавання не прадугледжана. І тым не менш гэтаму сходу дэлегатаў, якіх беларусы не выбіралі, даецца права адхіляць ад пасады прэзідэнта, абранага народам. Гэта як разумець?

Атрымліваецца, што Канстытуцыя супярэчыць сама сабе. Бо напачатку сцвярджаецца, што «адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ». І гэта азначае, што менавіта рашэнні, прынятыя народам, павінны мець найвышэйшую сілу ў нашай краіне. Але потым усё пераварочваецца з ног на галаву, і высвятляецца, што не народ галоўны. Што выбар народа можа адмяніць невядома як сфарміраваны Сход.

Лічу, што пытанне пра адхіленне ад пасады прэзідэнта павінны вырашаць дэпутаты. Бо яны таксама абіраюцца народам. Хаця б у тэорыі.

Публікацыя з № 8 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»