Уладзімір Някляеў

«Расію я разумею. У 2024 годзе там выбары. Не будзе, канешне, сілавога захопу Беларусі, будзе паўзучая інкарпарацыя. Па сутнасці, ужо на сённяшні дзень Беларусь расійская. Яны перакананы, што ў 2024 годзе яны выйдуць на адзіную валюту. Карацей, будзе выглядаць так, што Беларусь добраахвотна, хай і нефармальна, але далучылася да Расіі. Гэта, канешне, падыме палітычны рэйтынг Расіі, і на гэта яны разлічваюць. Яны так, але што мы – беларусы ва ўладзе ці ў апазіцыі? Мы што, можам неяк спавядаць гэтыя самыя ідэі? Мы што, самагубцы? Мы што, не бачым, як развіваецца свет?

Паглядзіце, што ў Італіі робіцца, што ў Іспаніі робіцца, у англічан што робіцца. Ірландцы хочуць быць ірландцамі. Нават тыя італьянцы, якія жывуць у Венецыі, кажуць: мы не італьянцы, мы венецыянцы. Так што песня пра зліццё народаў і нацый у нешта адзінае цэлае спяваецца даўно, але, па-мойму, гэта такая даволі фальшывая песня. Так, чалавецтва ёсць адно цэлае – гэта безумоўна, гэта арганізм адзіны, але кожны чалавек адрозніваецца ад кожнага чалавека. Так і нацыі і народы. А чым можна адрознівацца, калі мы страцім мову, культуру?

Нішчэнне ўсяго беларускага самімі беларусамі – гэта такі грэх перад Богам, што яго не адмаліць і ў сямі цэрквах. Да некага гэта ўрэшце павінна дайсці. Калі інакш нешта, то я тады дарма пражыў жыццё і нічога ў ім не зразумеў».

Публікацыя з № 8 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»