
Як вядома, на летніх Гульнях-2020 у Токіа наша алімпійская каманда заваявала ўсяго 7 медалёў – гэта найгоршае выступленне ў гісторыі сучаснай Беларусі.
Ужо 4 лютага ў Пекіне стартуе зімовая Алімпіяда. Спецыялісты прагназуюць, што беларускія алімпійцы могуць заваяваць медалі ў двух відах спорту – фрыстайле і біятлоне.
Што чакае беларусаў у Кітаі – новыя вышыні ці чарговы канфуз?
Сітуацыю прааналізавалі для «Народнай Волі» былы галоўны трэнер сборнай Беларусі па фрыстайле Мікалай КАЗЕКА і вядомы беларускі біятланіст Вадзім САШУРЫН.
Вадзім САШУРЫН: «Як зоркі сыдуцца…»
Хаця жыццё паказвае, што прагнозы – справа няўдзячная. Тым больш што падчас Алімпіяды дастаткова вялікую ролю іграе яшчэ і фактар удачы. Тыя, хто не абцяжараны эмацыйнымі нагрузкамі, могуць «выстраліць». Адным словам, магчымы медалі і ў індывідуальных гонках, і ў эстафеце, але пры ўмове, што зоркі ўдала сыдуцца.
– У гэтым сезоне нядрэнна выступаюць і нашы біятланісты-мужчыны, хаця яшчэ некалькі гадоў таму яны і не бегалі, і не стралялі…
– Калі-небудзь прагрэс павінен быў адбыцца, бо мужчынскі біятлон і на самай справе доўгі час быў у гаротным стане. Хацелася, каб хлопцы нарэшце прачнуліся, і гэта адбылося. А яшчэ лепш было б, калі б яны і на Алімпіядзе сябе паказалі.
Мікалай КАЗЕКА: «Працягваюць ехаць на тым, што было закладзена папярэднікамі»
Пасля выбараў 2020 года Мікалай Казека адкрыта выказаўся супраць гвалту і за справядлівыя выбары, а ў верасні быў пазбаўлены імянной стыпендыі. У лістападзе знакамітага трэнера не ўзялі на збор нацыянальнай каманды па фрыстайле.
Трэба адзначыць, што вучні Мікалая Казекі заваявалі на зімовых Алімпійскіх гульнях сем медалёў рознай вартасці, у тым ліку чатыры залатыя. Зараз вядомы трэнер будзе назіраць за выступленнем сваіх выхаванцаў па тэлевізары.
– Па меры магчымасці сачу за тым, як каманда рыхтуецца да Алімпіяды, – кажа Мікалай Іванавіч. – Я абмежаваны ў атрыманні інфармацыі са зборнай, бо мне адрэзалі доступ да яе. Ніхто нічога не кажа, спартсмены баяцца падыходзіць, бо іх запалохалі. Хаця са многімі ўсё роўна падтрымліваем сувязь па тэлефоне, хлопцы і дзяўчаты кансультуюцца па нейкіх пытаннях.
– На ваш погляд, фрыстайлісты могуць прывезці дадому хаця б адзін медаль?
– Так, калі не будзе грубых трэнерскіх памылак. Пры добрым раскладзе і Аня Гуськова, і Станіслаў Гладчанка могуць патрапіць на п’едэстал. І яшчэ больш рэальна заваяваць медаль у камандных спаборніцтвах.
– З апошніх Алімпіяд без золата нашы фрыстайлісты не вярталіся…
– Як ужо казаў, не маю поўнай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў камандзе, таму давайце дачакаемся стартаў. Адно магу сказаць: лідары ў жанчын – спартсменкі з Аўстраліі і Кітая, у мужчын – кітайцы, украінцы і расіяне.
– Фрыстайлістка Анастасія Андрыянава атрымала дадатковую ліцэнзію на Гульні. Можна парадавацца за спартсменку?
– Лічу, што Алімпіяда не месца для набірання вопыту. Алімпіяда – гэта сур’ёзны экзамен.
– Магчыма, нашы фрыстайлісты на гэтых Гульнях здзівяць спартыўны свет нейкай новай праграмай?
– Не думаю. У беларускім фрыстайле наогул сталі заўважацца застойныя з’явы. Няма сваіх ідэй, таму на гэты момант працягваюць ехаць на тым, што было закладзена папярэднікамі.
– Мікалай Іванавіч, у мінулым годзе вы два месяцы правялі ў шпіталі, паколькі захварэлі на каранавірус. Тады ў вас дыягнаставалі 80 працэнтаў паражэння лёгкіх. Як зараз сябе пачуваеце?
– Ды ўжо практычна аднавіўся. Прайшоў курс рэабілітацыі, а зараз перыядычна хаджу на фізіяпрацэдуры. Пешшу праходжу па 7–10 кіламетраў штодзень, выконваю на трэнажоры спецыяльныя практыкаванні для дыхання. Гэта ў мяне, як кажуць, ужо ў рацыёне дня.
Публікацыя з № 8 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.
Поделиться ссылкой:
Падтрымаць «Народную Волю»
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!