Першага намесніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Аляксея Сігаева не ўключылі ў склад Мінскай гарадской выбарчай камісіі. Ён быў адзіным прадстаўніком БСДП, якога вылучылі ў склад камісіі гэтага ўзроўню.

Не прайшлі адбор таксама прадстаўнікі Беларускай партыі «Зялёныя» і Беларускай партыі левых «Справядлівы свет».

«Паводле маіх дадзеных, не прапусцілі нікога з тых 18 чалавек, якіх мы вылучылі ў склад выбарчых камісій, – распавёў «Народнай Волі» лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сергей Калякін. – Прычым мы падавалі заяўку не толькі ў склад Мінскай гарадской камісіі, але яшчэ ў чатыры раёны Мінска, а таксама ў шэраг рэгіянальных гарадоў.

Чаму тая ці іншая кандыдатура не прайшла адбор – нам ніхто нічога не патлумачыў. Проста зачыталі спісы тых, хто прайшоў, і ўсё на гэтым. Пра некаторых сказалі: маўляў, няма вопыту. Але гэта стандартная фармулёўка. Я з гэтай нагоды ўжо неяк казаў: дарма ў Канстытуцыю не ўпісалі, што прэзідэнтам можа быць толькі чалавек, які мае вопыт працы прэзідэнтам. Жарт, канешне…

Наша партыя даўно акцэнтавала ўвагу на тым, што парадак адбору ў склад выбарчых камісій увогуле ніяк не рэгламентаваны. І чаму ўключаюць у склад камісіі Іванова, а не Пятрова? Усё цалкам аддадзена на водкуп тым, хто фарміруе камісіі. Абскардзіць гэтае рашэнне немагчыма, таму што няма ніякіх дакладных крытэрыяў».

«Пра Аляксея Сігаева не скажаш, што ў яго няма вопыту, – ён ужо двойчы ўваходзіў у склад выбарчых камісій, быў нават у складзе той выбарчай камісіі, якую калісьці ўзначальваў цяперашні кіраўнік Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка, – каментуе старшыня БСДП Ігар Барысаў. – Думаю, адсякаюць усіх, хто можа нейкім чынам іх раздражняць, кажучы пра недахопы. Не ведаю, можа, сістэма імкнецца да поўнага абсалюту і ёй патрэбны толькі звышнадзейныя людзі, прыхільнікі дзеючай улады, а астатнія проста не ўпісваюцца ў новыя рэаліі і трансфармаваны дзяржаўны праект.

Я не бачу, што ўлада хоць неяк дэманструе схільнасць да перамен. І нават анансаваны Год народнага адзінства не стаў такім з самага пачатку, бо рэпрэсіі не спыніліся і пераслед грамадскіх актывістаў працягваецца. З’явілася забарона на працу як новая форма ўздзеяння на тых, хто мае іншыя палітычныя погляды, цяпер патрабуюць характарыстыку на новае месца працы. Таму нейкай трансфармацыі ў бок стабілізацыі я пакуль не заўважыў. Мне падаецца, наадварот, нагнятанне сітуацыі сёння выгадна ўладзе, гэта адбівае любое жаданне ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны.

Мы рэалісты, таму і вылучалі толькі аднаго чалавека, каб паглядзець, наколькі сістэма будзе працаваць. У мінулую выбарчую кампанію быў спадзеў, што ўключаць больш нашых прадстаўнікоў, мы толькі ва ўчастковыя камісіі 224 чалавекі вылучылі, але, мяркую, што гэты паказчык быў бы большым, калі б не пандэмія каранавіруса. А зараз, можа, хіба толькі адзінкі захочуць вылучацца ў склад участковых выбарчых камісій. У нашай партыі няма такой строгай рэкамендацыі: усе, хто разумее небяспеку і адказнасць, да чаго гэта можа прывесці, самі павінны вырашыць – ісці альбо не. Адзінае, што мы на апошнім пасяджэнні цэнтральнага камітэта партыі прынялі рашэнне не накіроўваць на выбарчыя ўчасткі сваіх назіральнікаў, бо не ў стане гарантаваць ім бяспеку. Людзі прыходзяць і фактычна становяцца элементамі для біцця.

Я, канешне, чытаў каментарый Вольгі Абрамавай на старонках «Народнай Волі», дзе яна распавядала пра сваю вялізную працу з нагоды ўнутраных назіральнікаў. Але, на маю думку, сёння гэта пустая і непатрэбная рэч – назіральнік на выбарчых участках. Тлумачу: якраз правільна, каб былі міжнародныя назіральнікі. Яны прыехалі, паглядзелі, як усё працуе, і з’ехалі. Унутраныя назіральнікі ў цяперашніх умовах абсалютна бяспраўныя, яны нічога не могуць, а калі скаргу напішуць – могуць трапіць і пад рэпрэсіі. Паралельны падлік галасоў, які яны вядуць, са слоў былой кіраўнічкі Цэнтрвыбаркама, не з’яўляецца юрыдычным доказам таго, што яўка была менавіта такая. Бо ў пратаколе можна напісаць любыя лічбы. На маю думку, было б правільна, каб у Выбарчым кодэксе было запісана: у склад выбарчых камісій абавязкова ўключаюцца прадстаўнікі апазіцыйных палітычных арганізацый. І калі прадстаўнікі камісій кантралююць працэс – гэта самы найлепшы варыянт пазбегнуць розных маніпуляцый. Між іншым, я казаў пра гэта вельмі даўно. А ў 2020 годзе тупік з унутранымі назіральнікамі якраз маштабна праявіўся. Таму, у прынцыпе, цяпер ад назіральнікаў вялікай карысці няма».

«Наколькі мне вядома, маю кандыдатуру ніхто не падтрымаў, – распавёў «Народнай Волі» Аляксей Сігаеў. – Заўважу, што ў 2010 годзе я быў у складзе Мінскай гарадской камісіі падчас прэзідэнцкіх выбараў і ў 2012 годзе – у акруговай. І абодва разы напісаў асабістае меркаванне, бо былі заўважаны парушэнні выбарчага заканадаўства. Пасля тых часоў мяне ні разу нікуды не бралі…

Цікава паглядзець спісы тэрытарыяльных камісій – там толькі «Белая Русь», Саюз ветэранаў, жаночыя арганізацыі.

Яшчэ, канешне, трэба паглядзець на тое, як будуць фарміраваць участковыя камісіі, і калі будзе тое самае, то гэта паказчык таго, што будзе ўсё, як і заўжды…»

«У савецкія часы камуністы праяўлялі адкрытасць у шмат якіх працэсах і публікавалі вынікі галасавання па кожным выбарчым участку, і я спадзяюся, што гэтая лепшая савецкая практыка будзе рэалізавана ў межах гэтага рэферэндуму, бо старшыня Цэнтрвыбаркама таксама мае дачыненне да камуністаў, – гаворыць Ігар Барысаў. – А калі гэтага не будзе, калі звесткі не друкуюць, назіральнікаў не пускаюць, то няма і даверу да такіх выбараў. А калі сістэма стане больш адкрытай і больш даступнай для ўдзельнікаў палітычнага працэсу, то і давер будзе ў нейкай ступені вернуты. А пакуль мы гэтага, на жаль, не бачым…»

***

АФІЦЫЙНА

На сайце Цэнтрвыбаркама з’явілася табліца са складам тэрытарыяльных камісій па рэферэндуме. Як кажуць, высновы рабіце самі…

«Прэзідэнтам можа быць толькі чалавек з вопытам работы прэзідэнтам…»Публікацыя з № 8 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»