Іпаліт Антонавіч Яўневіч

(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–100 за 2021 год, №№1–7.)

Іпаліт Антонавіч Яўневіч (4 жніўня 1831 г. – 5 лістапада 1903 г.)

Іпаліт Яўневіч – матэматык, механік, прафесар Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута.

Нарадзіўся ў Сенненскім павеце Магілёўскай губерні (цяпер Сенненскі раён Віцебскай вобласці). Паходзіў са шляхецкага роду з Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Пачатковую адукацыю атрымаў у Беларусі. Вучыўся ў Аршанскім павятовым вучылішчы, Магілёўскай гімназіі. У 1856 годзе скончыў са ступенню кандыдата фізіка-матэматычных навук фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе яго настаўнікамі былі матэматыкі В.Я.Бунякоўскі, П.Л.Чэбушаў, А.І.Сомаў, фізік Э.Х.Ленц. У тым жа годзе яго запрасілі ў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут для выкладання матэматыкі і механікі.

У 1861–1862 гадах знаходзіўся ў замежнай камандзіроўцы, дзе пазнаёміўся з найноўшымі дасягненнямі ў машынабудаванні, лепшымі заводамі Германіі, Бельгіі, Францыі, Англіі. На працягу шасці месяцаў у Льежы (Бельгія) займаўся праектаваннем машын пад кіраўніцтвам прафесара Любера.

Пасля вяртання з камандзіроўкі (1863) быў прызначаны выконваючым абавязкі прафесара кафедры канструявання машын Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута. У 1868 годзе атрымаў ступень магістра прыкладной матэматыкі і быў зацверджаны ў званні прафесара прыкладной механікі Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута. З 1868 года вучэбным камітэтам Тэхналагічнага інстытута быў абраны дэканам і займаў гэтую пасаду да 1887 года. Выкладаў прыкладную механіку, гідраўліку, тэорыю пругкасці, тэорыю верагоднасцяў, асновы вышэйшай матэматыкі і адначасова – прыкладную механіку, тэорыю пругкасці і гідраўліку ў іншых ВНУ Пецярбурга: Марской акадэміі (з 1863 г.), Інстытуце грамадзянскіх інжынераў (з 1886 г.), Электратэхнічным інстытуце (з 1891 г.).

Навуковыя даследаванні І.Яўневіча прысвечаны пытанням супраціўлення матэрыялаў, тэорыі пругкасці, гідраўліцы, прыкладной механіцы, матэматыцы. Ён вызначыў характарыстыкі трываласці многіх будаўнічых матэрыялаў, паставіў і рашыў рад задач тэорыі пругкасці і дынамікі паравой машыны. Даследаваў некаторыя пытанні тэорыі набліжэння функцый. Правёў даследаванні ў галіне механікі вадкасцяў. Заклаў асновы набліжанай тэорыі згібу крывалінейнага стрыжня і вывеў формулу прадоўжанага нармальнага напружання бруса вялікай крывізны. Зрабіў уклад у распрацоўку прынцыпу найменшай работы ўнутраных сіл і разгледзеў яго некаторыя прыватныя выпадкі, у тым ліку для вызначэння статыстыкі магчымых рэакцый апор.

І.Яўневіч – аўтар падручнікаў па матэматыцы і гідраўліцы, першага на рускай мове дапаможніка па тэорыі пругкасці, якія атрымалі высокія ацэнкі сучаснікаў вучонага і неаднаразова перавыдаваліся. Сярод яго асноўных навуковых прац – «Курс гідраўлікі» (1891), «Курс прыкладной матэматыкі» (1897), «Дапаможнік для вывучэння законаў супраціўлення будаўнічых матэрыялаў з дадаткам агульных пачаткаў тэорыі пругкасці цел» (1868) і іншыя.

Памёр у Пецярбургу.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 8 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»