Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

За два гады інжынер-праграміст адной з мінскіх арганізацый вынес з офіса і здаў у ламбард 56 адзінак рабочай тэхнікі (тэлефоны, камп’ютары, планшэты, флэш-карты і г.д.). Аб прапажы даведаліся толькі падчас інвентарызацыі.

Той час яшчэ даволі блізкі
І добра помнім мы, калі
Усюды ручкі-самапіскі
Галоўнай тэхнікай былі.
Начальнікі і шпінгалеты
Для плённай працы мелі іх,
А пра камп’ютары, планшэты
Мы ведалі з газет і кніг.
Цяпер зусім другая справа:
Сядзіць стары ці маладзён,
А спераду і злева-справа
Планшэт, камп’ютар і смартфон.
Застаўленыя ва ўстановах
Сучаснай тэхнікай сталы!
(Хаця з яе для безгаловых,
Як ні пацеюць, толк малы.)
Такім жа быў і офіс гэты,
Цудоўны меў тэхнічны стан:
Як касмадромы, кабінеты –
І тут экран, і там экран.
Для праграміста маладога
Акрэсліў мэту кіраўнік:
– Тэхнічных сродкаў маем многа,
Патрэбна ўзяць усё на ўлік.
А той, вядома, рад старацца,
Калі чакае пахвала.
І закіпела ў хлопца праца –
Дайшоў да кожнага стала.
«У нас камп’ютараў – як вошай! –
Саспела думка спакваля. –
Ну хто ж сядзіць на кучы грошай,
А сам не мае ні рубля?»
Спярша ў ламбард занёс ён флэшку,
Затым якіясь правады…
І неўзабаве хлопец сцежку,
Як кажуць, пратаптаў туды.

Ужо й камп’ютары, айфоны
Насіў ён на сваім гарбе
(Калі паважыць, гэта тоны!),
А грошы траціў на сябе,
Былі давольнымі й дзяўчаты,
Якіх вадзіў у рэстаран.
Каб не было ў яго зарплаты,
Усё адно б ён жыў як пан,
Карміла б родная ўстанова,
Сабраў бы грошы для жытла.
Злавілі злыдня выпадкова,
Калі рэвізія была.
Прынёс, выходзіць, многа шкоды,
І зараз страты лічаць там…
А я ім з гэтае нагоды
Пытанне слушнае задам:
Калі прапажу ва ўстанове
Ніхто і не заўважыў нат,
Дык, можа, тэхнікі, панове,
Вам і не трэба столькі шмат?

***

І завяршу апошняй рыскай:
Я вам прызнаюся, сябры,
Што фельетоны самапіскай
Пішу да гэтае пары…

Прагадаў

– Я, дружа Восіп, дужа хворы –
Даймаюць ныркі год каторы, –
Паскардзіўся Абрам стары,
Калі сустрэліся сябры. –
Лятаў лячыцца ў Тэль-Авіў.
І знаеш, колькі заплаціў?
Аддаў тры тысячы даляраў!
І мовіў Восіп, як ударыў:
– Ты ж у Бабруйску, абармот,
За іх лячыўся б цэлы год!
Прычым, – дадаў практычны Восіп, –
І на памінкі засталося б…

Пасля споведзі

Не тоячыся, шчыра, наўзахлёб
Паведала на споведзі Алёна
Пра гэткія грахі свае, што поп
Узяў у дзеўкі нумар тэлефона…

Газ і дровы

Чаму Расія грэе
(Разам
Адкажам, можа, з вамі)
Еўропу ўсю сібірскім газам,
А ўсю Сібір – дрывамі?

Публікацыя з № 8 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»