Віталь Гальданскі

(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–100 за 2021 год, №№1–6.)

Віталь Іосіфавіч Гальданскі (18 чэрвеня 1923 г. – 14 студзеня 2001 г.)

В.Гальданскі – фізіка-хімік, акадэмік АН СССР (1981, з 1991 – Расійскай акадэміі навук; з 1962 – член-карэспандэнт).

Нарадзіўся ў Віцебску. У 1944 годзе скончыў Маскоўскі ўніверсітэт. У 1942–1952 гадах працаваў у Інстытуце хімічнай фізікі АН СССР, у 1952–1961 гадах – загадчык сектара Фізічнага інстытута АН СССР, з 1961-га – загадчык аддзела Інстытута хімічнай фізікі АН СССР. Адначасова з 1951 года выкладаў у Маскоўскім інжынерна-фізічным інстытуце, у 1956-м быў абраны прафесарам інстытута. З 1988 года ўзначальваў Інстытут хімічнай фізікі АН СССР (цяпер Расійскай акадэміі навук імя М.М.Сямёнава), апошнія гады жыцця быў яго ганаровым дырэктарам і саветнікам Прэзідыума РАН.

Праводзіў навуковыя даследаванні ў галіне хімічнай фізікі, хіміі высокіх энергій, ядзернай хіміі, фізікі ядра і элементарных часціц. Прапанаваў усебаковае выкарыстанне гама-рэзананснай спектраскапіі і анігіляцыі пазітронаў у хіміі. Адкрыў з’яву квантавага нізкатэмпературнага ліміту (парога) хуткасці хімічных рэакцый, адкрыў і растлумачыў з’яву асіметрыі мёсбаўэраўскіх спектраў, якая атрымала назву «Эфект Гальданскага–Карагіна», заклаў асновы фізічнай хіміі пазітрона і пазітронія. Адкрыў палімерызацыю цвёрдых манамераў пад уздзеяннем ударных хваляў.

У 1960 годзе В.Гальданскі прадказаў з’яву двухпратоннай радыеактыўнасці, выпраменьванне бэта-запазняльных пар нейтронаў і пратонаў, існаванне і ўласцівасці многіх дзясяткаў невядомых ядраў, якія далёкія ад вобласці стабільнасці (нейтрондыфіцытных і нейтронзалішніх ізатопаў, у тым ліку ўласцівасці звышцяжкага гелію-8), упершыню эксперыментальна вызначыў электрычную палярызаванасць пратона ў доследах эфекта Комптана на пратоне. Сярод асноўных навуковых прац вучонага – «Двухпратонная радыеактыўнасць» (1965), «Эфект Мёсбаўэра і яго прымяненне ў хіміі» (1963). Класікай хімічнай фізікі сталі «Кінетыка ядзерных рэакцый» (1950), «Фізічная хімія пазітрона і пазітронія» (1968), «Тунэльныя з’явы ў хімічнай фізіцы» (1986).

За вынікі навуковых даследаванняў удастоены Ленінскай прэміі (1980), прэміі імя Д.І.Мендзялеева (1966), узнагароджаны Залатым медалём Д.І.Мендзялеева (1975) за цыкл прац па даследаванні і выкарыстанні новых з’яў у хіміі нізкіх тэмператур, Залатым медалём імя М.М.Сямёнава за сукупнасць прац па хімічнай фізіцы, у тым ліку хімічнай кінетыцы.

З 1967 года В.Гальданскі з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса «Хімія высокіх энергій».

Памёр у Маскве.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 7 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»