Днямі стала вядома, што расійскі футбольны клуб «Хімкі» і барысаўскі БАТЭ дамовіліся пра арэнду беларускага абаронцы Захара Волкава. Арэнднае пагадненне разлічана да канца сезона і прадугледжвае опцыю выкупу футбаліста.

Нічога сенсацыйнага ў гэтай навіне не было б, калі б не скандальная гісторыя, у якую Захар трапіў некалькі гадоў таму. Калі хто не памятае: яшчэ ў 2017 годзе гэты футбаліст, выступаючы за наваполацкі «Нафтан», аказаўся ў ліку ігракоў, якія не адмовіліся атрымаць па 1450 долараў за ўдзел у дамоўным матчы. Размова ішла пра гульню 1/16 фіналу Кубка Беларусі «Нафтан»–«Крумкачы». Паводле сцэнарыя заказчыка, наваполацкая каманда павінна была прайграць, што, уласна кажучы, і адбылося.

Фігуранты крымінальнай справы атрымалі рознае пакаранне. Ігрок нацыянальный зборнай Захар Волкаў быў аштрафаваны на 200 базавых велічынь. Акрамя таго, футбаліст на два гады быў адлучаны ад футбола – па 5 жніўня 2022 года. Праўда, у верасні 2021-га Беларуская федэрацыя футбола прымяніла да дыскваліфікацыі Волкава часовую адтэрміноўку выканання, і з таго часу ён ужо згуляў некалькі матчаў за БАТЭ.

«Калі быў малады, нарабіў памылак, а таму пазбавіўся любімай справы амаль на два гады, – каяўся футбаліст. – За памылкі адказваю сам. На памылках вучуся. І таму хочацца маладым хлопцам сказаць, што ні ў якім выпадку, ні пры якіх абставінах не трэба ўступаць у гэты бруд. Гэта чорная пляма на ўсё жыццё. Не павінен быў так паступаць».

Здаецца, кропкі над «і» расстаўлены, услед за злачынствам прыйшло пакаранне. Волкаў вярнуўся да футбольнага жыцця і, мяркуючы па яго заявах, лёгкіх грошай больш не хоча.

Здзіўляе ў гэтай сітуацыі іншае: калі ў футбаліста наклюнулася магчымасць пагуляць у расійскім клубе, у Беларусі адразу ж знайшліся адвакаты, якія пачалі яго адбельваць.

«Хлопцу было 19 гадоў, калі яго ўцягнулі ў дамоўныя матчы, – выступіў у абарону Захара галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Георгій Кандрацьеў. – Любы малады ігрок мог апынуцца ў такой сітуацыі. Напэўна, недзе паўплывалі старэйшыя таварышы. Мы шмат размаўлялі з Волкавым на гэтую тэму. Ён шкадуе, што так адбылося. Любы чалавек у такім узросце мог памыліцца. Тым больш што ён не быў арганізатарам дамоўных матчаў. Уся каманда пайшла на гэта, ён не мог адмовіцца».

Дзіўна чуць ад настаўніка нацыянальнай каманды, што калі ўся каманда «ідзе на гэта», то адзін футбаліст не мае ніякай магчымасці застацца з чыстым сумленнем. Захара Волкава пад дулам аўтамата прымушалі здаваць гульню? Нешта перашкаджала адмовіцца ад грошай? Што гэта за такая карпаратыўная салідарнасць, калі ў брудзе павінны выкачацца абсалютна ўсе? Тым больш што беларускі футбол і без гэтых скандалаў па вушы ў брудзе. Лепш бы на полі праяўлялі такую салідарнасць.

А ці не правільней было б Георгію Кандрацьеву публічна сказаць свайму выхаванцу: «Дурань, ты зганьбіў не толькі сябе, але і нацыянальную каманду»? Каб юныя футбалісты, у якіх сёння таксама шмат спакусаў, нават і не думалі пра тое, як зарабіць лёгкія грошы, прадаўшы сумленне.

Але пасля слоў трэнера, што «любы малады ігрок мог апынуцца ў такой сітуацыі», становіцца нават неяк страшна за будучае нашага футбола. Не дзіва, што зараз многія маладыя ігракі па полі ходзяць, як халмагорскія каровы, а вось па горадзе гойсаюць на шыкоўных «тачках», нібы антылопы Гну. Што перашкаджае праявіць сябе на футбольным полі, каб іх заўважылі лепшыя клубы Германіі, Іспаніі, Англіі, і зарабляць там сваім прафесіяналізмам? Ці прасцей здаць гульню ў Беларусі за паўтары тысячы «зялёных»?

Вось пра што, я лічу, найперш павінен быў сказаць настаўнік зборнай Беларусі. Падобна, на памылках Захара Волкава ёсць яшчэ каму павучыцца…

Публікацыя з № 7 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»