
Тэлебачанне паказвае эшалоны ваеннай тэхнікі, якія рухаюцца ў бок мяжы з Украінай на вучэнні. Розныя СМІ паведамляюць пра магчымасць вайны паміж Украінай і Расіяй, у якую можа быць уцягнута Беларусь. У мінулыя выхадныя Аляксандр Лукашэнка апрануўся ў форму з генеральскімі лампасамі, як заўважылі некаторыя аглядальнікі, таксама не дзеля мірнай справы.
«З намі не трэба звязвацца. Нас немагчыма перамагчы. І па духу мы людзі такія, што немагчыма перамагчы, і па тэрыторыі: ад Брэста да Уладзівастока – ужо шмат хто спрабаваў, мы памятаем. Чым скончылася – зразумела. Таму не трэба нас тузаць. Мы ні да кога ў агарод не лезем, у нас зямлі дастаткова. Дай Бог яе ўтрымаць і асвоіць. Вось нашы мэты. Але яшчэ раз паўтараю, калі хто не зразумеў: «Ламанём так, што мала не падасца». Я не пагражаю, я папярэджваю», – заявіў ён.
З аднаго боку, кіраўнік Беларусі гаворыць пра прастору ад Брэста да Уладзівастока як пра тэрыторыю адзінай адказнасці. З другога – ён сцвярджае, што «мы ні да кога ў агарод не лезем». Маўляў, гэта на нас хочуць напасці.
А як жа Крым? Як жа Луганская і Данецкая вобласці? Ці гэта не была і не ёсць спроба Крамля залезці ва «ўкраінскі агарод»? Што, сёння і мы на баку імперцаў?
І ўсё ж я хачу выказацца не пра вялікую палітыку. Мне падаецца, што за гэтымі перасоўваннямі войскаў, эшалонаў тэхнікі Аляксандр Лукашэнка забыўся пра людзей.
Ці ведае ён, што беларускія маці, у якіх дзеці зараз служаць у войску, пасівеюць за гэтыя дні чакання магчымай вайны з Украінай? Што пасля кожнага з’яўлення на экране «баявога беларускага генерала» з расповедам на тэму «Мы гатовы да вайны» яны хапаюцца за сардэчныя кроплі.
Ці ведае ён, як рэагуюць звычайныя людзі на прамовы пра гатоўнасць кінуць нашых салдат у якое-небудзь чарговае пекла?
Ці гатовы сам Аляксандр Лукашэнка, ягоныя генералы і прапагандысты паслаць на вайну сваіх дзяцей і ўнукаў?
Марыя ШАЎЛЮК.
***
ТЫМ ЧАСАМ
Аляксандр ЛУКАШЭНКА:
«Літаральна суткі таму да мяне давялі пагрозлівую пазіцыю Дзярждэпа ЗША. Прыехалі да нашых дыпламатаў у Нью-Ёрку і пагражаюць нам: калі вы дазволіце Пуціну і Расіі, дазволіце гэта, то мы ўвядзём санкцыі. Калі вы гэтую ядзерную зброю вернеце ў Беларусь, будзе тое і гэта.
Разумееце, ментарскі нейкі тон у дачыненні да Беларусі. Дык вось я хачу звярнуць іх да таго, што я сказаў у Лунінцы. Думаю, не трэба нічога тут дадаваць. Нам не трэба ніякай вайны. Але гэтыя ж амерыканцы рукамі палякаў, латышоў і самі асабіста падштурхоўваюць нас да гэтых вось дзеянняў. Мы былі донарам бяспекі ў рэгіёне. Нас заўсёды шанавалі за гэта. Навошта вы нас… штурхаеце і робіце агрэсарамі, паводле іх тэрміналогіі? Навошта гэта трэба было? А сёння яны нам пагражаюць».
Публікацыя з № 7 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.
Поделиться ссылкой:
Падтрымаць «Народную Волю»
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!