Міхал Карневіч

Гэтую навіну ён паведаміў рэдакцыі сам.

Уласнаму карэспандэнту «Народнай Волі» па Гродзенскай вобласці далі штраф памерам 800 рублёў за рэпост інфармацыі ў сацыяльных сетках.

Ён паведаміў, што да яго прыйшлі з вобыскам у пятніцу прыкладна каля гадзіны дня. Канфіскавалі камп’ютар, тэлефон. Потым прапанавалі паехаць у мясцовы райаддзел на размову – маўляў, літаральна на гадзіну. А бліжэй да дзясятай гадзіны вечара журналіст апынуўся ў ізалятары часовага ўтрымання, дзе і правёў выхадныя.

У панядзелак раніцай у ізалятары часовага ўтрымання Гродна «Народнай Волі» паведамілі, што Карневіча павезлі ў суд Ленінскага раёна Гродна. Але да суда, як высветлілася, ён так і не даехаў. Журналіст знайшоўся ў аддзеле ўнутраных спраў Ленінскага раёна Гродна.

«Так, ён у нас, – пацвердзіў па тэлефоне дзяжурны. – Чакае суда. Судзіць яго будуць па скайпе, дыстанцыйна, бо каранавірус».

Увесь гэты час не было вядома, ці ёсць у Карневіча адвакат і што канкрэтна яму інкрымінуюць.

Пасля суда Міхал пазваніў у рэдакцыю і паведаміў, што нарэшце на свабодзе:

– Дзякуй Богу, што на волі!

Добра, што наш уласны карэспандэнт па Гродзенскай вобласці на свабодзе. Але дрэнна, што ён не выканаў рэдакцыйнае заданне. Прыкладна за тыдзень да таго, як у яго кватэры адбыўся вобыск, ён пацікавіўся ў адпаведных чаноўнікаў, як яму атрымаць дазвол на наведванне міграцыйнага цэнтра на беларуска-польскай мяжы, з тым каб падрыхтаваць адтуль матэрыял для газеты. Спачатку папрасілі копію рэгістрацыйнага пасведчання выдання, у штаце якога ён знаходзіцца. Потым сказалі: патрэбны яшчэ ліст з рэдакцыі аб тым, што яму даручана падрыхтаваць публікацыю для газеты з міграцыйнага цэнтра. Калі Міхал ужо гатоў быў ехаць ў «Брузгі», яму патэлефанавалі і сказалі: не трэба спяшацца, паколькі там адбыліся нейкія нечаканыя падзеі.

Журналіст разлічваў на тое, што ў бліжэйшыя дні яму ўсё ж дазволяць пабываць у міграцыйным цэнтры. На жаль, адбылося тое, што адбылося, – яго арыштавалі.

Рэдакцыя газеты «Народная Воля».

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»