
«Так маляваць – Божы дар!» – у сацыяльных сетках людзі высока ацэньваюць малюнкі палітвязня, якія ён дасылае на волю.
Нагадаем, што палітык Павел Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня 2020 года – яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў. У маі мінулага года Паўлу прысудзілі 7 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
З-за кратаў палітык дасылае сваёй жонцы Вользе і трохгадоваму сыну Францішку малюнкі, якія, трэба сказаць, уражваюць сваім прафесіяналізмам.
«Думаю, пара пахваліцца, што ад Паўла за апошнія месяцы сабралася яшчэ дзесяць новых малюнкаў храмаў, – паведаміла Вольга Севярынец. – Будзем рабіць новыя паштоўкі.
…А ўвогуле, дома ў нас ужо цэлая галерэя. Францішак па тры разы на дзень просіць мяне схадзіць праверыць, ці прыйшоў ліст ад таты. Лісты прыходзяць кепска, але Францішак упарта чакае і спрабуе ўгадаць, што тата намалюе яму ў наступным лісце. У Магілёўскай турме стараліся акуратна забіраць вялікі канверт, каб не змяць, бо Павел іх навучыў, што там малюнак для сына».
– Паша вучыўся ў Віцебску ў сярэдняй школе №25 у класе з мастацкім ухілам, – распавяла «Народнай Волі» Таццяна Севярынец, маці палітвязня. – Дачкі пайшлі ў музычныя школы, а вось сын з дзяцінства добра маляваў, і самае галоўнае, што яму падабаўся гэты занятак.
Дарэчы, сярод нашых родных шмат таленавітых людзей. Мая мама таксама добра малявала, а, напрыклад, стрыечны брат Міхаіл Качаноўскі спяваў у Оперным тэатры. Другі брат, Аляксандр Будзько, доўгі час працаваў у філармоніі. Дачушак і сына Бог таксама талентам не абышоў.
Пасля школы Павел Севярынец свае мастацкія здольнасці асабліва не развіваў. Хаця, калі вучыўся ва ўніверсітэце, працягваў маляваць, але больш для сябе.
– Закінуў гэтую справу, калі заняўся палітыкай, – кажа Таццяна Севярынец. – Элементарна не хапала часу на тое, каб маляваць. А зараз, калі вольнага часу ў камеры хапае, узгадаў сваё старое захапленне. І мастацкія здольнасці яшчэ больш праявіліся.
Увогуле, мне заўсёды падабаліся партрэты Пашы і яго пейзажныя замалёўкі. Мой партрэт і партрэт бацькі да гэтага часу вісяць у нас дома. А зараз Вользе і сыну Францішку шмат малюнкаў дасылае. А мы яму перадаём алоўкі.
Вольга Севярынец дадае, што малюнкі храмаў, якія дасылае Павел, можна набыць праз інтэрнэт-краму ў выглядзе паштовак.
– За ўвесь час, пакуль муж знаходзіцца за кратамі, ён даслаў нам больш за 70 малюнкаў, – кажа Вольга. – Усё гэта разам з тэкстамі Паша дасылае сыну. А паколькі Францішак вельмі цікавіцца машынкамі, то муж малюе не толькі храмы, але і аўтамабілі, самалёты і іншую тэхніку. Здаецца, нядрэнна атрымліваецца.
Публікацыя з № 6 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.
Поделиться ссылкой:
Падтрымаць «Народную Волю»
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!