Уладзімір Канаплёў

Гэтымі днямі ў Венгрыі і Славакіі праходзіць чэмпіянат Еўропы па гандболе, на які беларускія балельшчыкі ўскладалі велізарныя надзеі. Ды і як не ўскладаць, калі яшчэ ў мінулым годзе кіраўнік Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў публічна запэўніў спартыўную грамадскасць: «Маё патрабаванне да трэнерскага штаба заключаецца ў тым, каб на кожную пазіцыю было па два-тры чалавекі. На сённяшні дзень гэта патрабаванне выконваецца калі не на сто працэнтаў, то як мінімум на восемдзесят…

Задача на турнір канкрэтная – стаць чэмпіёнамі Еўропы. Напэўна, гэта выкліча ўсмешку у многіх людзей… Але нам пара набліжацца і займаць прыстойныя месцы. Хлопцы ўжо самі хочуць медалі. Яны самі ставяць сабе такія задачы».

Канаплёў на клоўна, як быццам не падобны, але калі спартыўныя функцыянеры робяць такія заявы, то ў цырк дакладна можна не хадзіць.

Яшчэ больш смешна выглядаюць ружовыя мары кіраўніка федэрацыі зараз – пасля таго, як зборная Беларусі на гэтым першынстве прайграла два матчы запар, праляцела міма плэй-оф і ў выніку заняла на чэмпіянаце 17-е месца. Гэта найгоршы вынік нацыянальнай каманды ў фінальных турнірах чэмпіянатаў Еўропы за ўсю суверэнную гісторыю! Так што Канаплёў, відаць, не ў тым месцы золата шукаў.

Дарэчы, беларусы на гэтым турніры ўсё-такі атрымалі адну перамогу – над аўстрыйцамі – у матчы, які для абедзвюх каманд абсалютна нічога не значыў. Але гэта дало падставу галоўнаму трэнеру беларускай зборнай Юрыю Шаўцову з гонарам заявіць: «Мы рады, што завяршылі чэмпіянат перамогай… Мае ігракі выконвалі ўсё тое, што я ім казаў, таму мы вяртаемся дадому з перамогай».

Аптымістычная заява Юрыя Шаўцова нагадвае армейскі прынцып здачы экзамена. Падыход – «выдатна», адказ на пытанне – «незадавальняюча», адыход – «выдатна». Сярэдняя ацэнка – «добра».

Не хочацца кідаць камяні ў Юрыя Анатольевіча, які кіруе нацыянальнай камандай з 2009 года і шмат зрабіў для беларускага гандбола, але варта адзначыць, што многія нашы трэнеры і чыноўнікі апошнім часам добра навучыліся пускаць пыл у вочы замест таго, каб чорнае назваць чорным, а белаем – белым.

Выйгралі – гонар вам і слава! Аканфузіліся – называйце рэчы сваімі імёнамі. А ў нас атрымліваецца, што выступілі правальна беларускія спартсмены на летняй Алімпіядзе ў Токіа – выступленне задавальняючае. Аканфузілася зборная Беларусі падчас адборачных гульняў – усё ў парадку, усе на сваіх месцах. Праляцела нацыянальная хакейная каманда міма Алімпіяды ў Пекіне – «рухаемся ў правільным накірунку».

Да слова, ужо 4 лютага ў Кітаі стартуюць зімовыя Алімпійскія гульні, але чыноўнікі, навучаныя горкім вопытам выступлення нашых спартсменаў на летняй Алімпіядзе, дзе быў устаноўлены антырэкорд па медалях, зараз вырашылі гучнымі заявамі не кідацца.

Напрыклад, шэф беларускай місіі на Гульнях у Пекіне Аляксандр Гагіеў філасофскі заявіў, што «як такога медалёвага плана няма, аднак кожны едзе не проста паўдзельнічаць, а паказаць свой максімальны вынік. А гэта мае на ўвазе ў тым ліку і заваяванне медалёў».

Адным словам, саломкі функцыянеры сабе ўжо падаслалі. Калі што, то вінаватымі акажуцца спартсмены.

З іншага боку, можа, яно і да лепшага, што зараз нам не абяцаюць немагчымае. А то атрымаецца як з Канаплёвым, які замест золата знайшоў зацёрты медны пятак.

Публікацыя з № 6 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»