Якаў Зяльдовіч

(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–100 за 2021 год, №№1–5.)

Якаў Барысавіч Зяльдовіч (8 сакавіка 1914 г. – 2 снежня 1987 г.)

Я.Зяльдовіч – фізік-тэарэтык. Акадэмік АН СССР (1958, член-карэспандэнт з 1946), тройчы Герой Сацыялістычнай Працы (1949, 1953, 1956), лаўрэат Ленінскай (1957) і чатырох Дзяржаўных прэмій СССР (1943, 1949, 1951, 1953).

Я.Зяльдовіч нарадзіўся ў Мінску ў сям’і служачага. Яго бацька, Барыс Навумавіч, быў юрыстам, членам калегіі адвакатаў. У 1924 годзе Я.Зяльдовіч паступіў у дзесяцігадовую школу ў Петраградзе. У 1930–1931 гадах працаваў лабарантам у Інстытуце механічнай апрацоўкі карысных выкапняў, а ў маі 1931 года быў залічаны лабарантам у Інстытут хімічнай фізікі АН СССР. У 1932–1934 гадах вучыўся на завочным аддзяленні фізіка-матэматычнага факультэта Ленінградскага ўніверсітэта (які не скончыў). У 1934 годзе, не маючы дыплома аб вышэйшай адукацыі, залічаны ў аспірантуру ў Інстытут хімічнай фізікі АН СССР, у 1936 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, праз тры гады, у 1939 годзе, доктарскую дысертацыю па фізіка-матэматычных навуках.

З 1938 года Я.Зяльдовіч загадваў лабараторыяй Інстытута хімічнай фізікі АН СССР, якая падчас вайны працавала ў Казані, потым (з 1943 г.) у Маскве. У 1965–1983 гадах загадваў аддзелам у Інстытуце прыкладной матэматыкі АН СССР. З 1983 года – загадчык аддзела Інстытута фізічных праблем АН СССР, кансультант Інстытута касмічных даследаванняў АН СССР. Адначасова вёў выкладчыцкую работу: у 1946–1948 гадах – прафесар Маскоўскага інжынерна-фізічнага інстытута, з 1965 года – прафесар Маскоўскага ўніверсітэта.

Навуковыя даследаванні Я.Зяльдовіча прысвечаны хімічнай фізіцы, тэорыі гарэння, фізіцы ўдарных хваляў і дэтанацыі, фізічнай хіміі, фізіцы ядра і элементарных часціц, астрафізіцы і касмалогіі. Ён з’яўляецца адным з заснавальнікаў макраскапічнай кінетыкі. У тэорыі гарэння выявіў сувязь паміж хуткасцю распаўсюджвання полымя і кенетыкай хімічных рэакцый у ім, вырашыў задачу падпалу сумесі разагрэтай паверхняй, вызначэння фронту распаўсюджвання полымя. Стварыў фізічныя асновы ўнутранай балістыкі ракетных парахавых рухавікоў. У тэорыі дэтанацыі абгрунтаваў гіпотэзу Чэмплена-Шуге, упершыню растлумачыў з’яву ліміту дэтанацыі, прапанаваў рашэнне задачы ўдару з вялікай хуткасцю на паверхні асяроддзя. Прапанаваў (1939–1940 гадах, сумесна з Ю.Харытонавым) разлік ядзернага ланцуговага працэсу ва ўране, даследаваў эфект адыходу нейтронаў за парог дзялення з-за рассейвання, развіў тэорыю гамагеннага рэактара на цеплавых нейтронах і тэорыю рэзананснага паглынання нейтронаў ядрамі урана-238, даследаваў кінетыку рэактара і паказаў прынцыповую ролю спазняючых нейтронаў для рэгулявання яго работы. З’яўляючыся вучнем І.Курчатава, праводзіў навуковыя даследаванні пад яго кіраўніцтвам, у тым ліку браў актыўны ўдзел у вырашэнні праблем, звязаных з выкарыстаннем ядзернай энергіі. Прадказаў магчымасць утрымання ультрахалодных нейтронаў у посудзе з адбіваючымі сценкамі, мюонны каталіз (1953) і распрацаваў яго тэорыю. Указаў на магчымасць існавання ядраў з вялікім лішкам нейтронаў. Увёў паняцце стужачных зарадаў (1952–1953), прадказаў бэта-расклад зараджаных піонаў (1954) і з’яву захавання вектарнага току (1954 г., сумесна з С.Гернштэйнам). Прадказаў існаванне новых электрамагнітных характарыстык часціц, якія ўзнікаюць пры парушэнні цотнасці, і ўпершыню (1958–1960) звярнуў увагу на існаванне зарадавага формфактара нейтрына і парушэнне цотнасці стану атама за кошт слабага ўзаемадзеяння электрона з ядром. У 1958 годзе прапанаваў  метад выяўлення часціц з кароткім часам жыцця шляхам вымярэння размеркавання колькасці падзелу па эфектыўнай масе прадуктаў распаду. Гэты метад стаў адным з асноўных пры пошуку і вывучэнні рэзанансаў. З пачатку 1960-х гадоў навуковыя даследаванні Я.Зяльдовіча былі сканцэнтраваны галоўным чынам у галіне астрафізікі і касмалогіі. Ім была распрацавана тэорыя будовы звышцяжкіх цел з масай ад соцень тысяч да мільярдаў мас Сонца, дадзена завершаная якасная карціна апошніх этапаў эвалюцыі звычайных зорак рознай масы, уласцівасцяў так званых чорных дзірак. Фундаментальныя вынікі атрыманы Я.Зяльдовічам у тэорыі працэсаў «гарачага» Сусвету. Ён пабудаваў тэорыю ўзаемадзеяння гарачай плазмы Сусвету, які пашыраецца, і выпраменьвання, разгледзеў працэсы скажэння спектра рэліктавага выпраменьвання і ўзнікнення дробнамаштабных флуктуацый інтэнсіўнасці выпраменьвання, развіў тэорыю росту адхіленняў у «гарачым» Сусвеце. Даследаваў апошнюю стадыю фарміравання галактык. Я.Зяльдовіч з’яўляецца стваральнікам школы рэлятывісцкай астрафізікі.

Вынікі навуковых даследаванняў выкладзены ў манаграфіях «Тэорыя гарэння і дэтанацыі газаў» (1944); «Тэорыя ўдарных хваль і ўводзіны ў газадынаміку» (1946); «Тэорыя дэтанацыі» (1955); «Фізіка ўдарных хваль і высокатэмпературных гідрадынамічных з’яў» (1963); «Рэлятывісцкая астрафізіка» (1967); «Тэорыя прыцягнення і эвалюцыя зорак» (1971).

Навуковыя даследаванні вучонага адзначаны шматлікімі дзяржаўнымі ўзнагародамі, у тым ліку ордэнамі Леніна (1949, 1962, 1974), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1945, 1964), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1962), Залатым медалём І.В.Курчатава (1974). Сапраўдны член многіх замежных акадэмій навук (Лонданскага Каралеўскага таварыства, Нацыянальнай АН ЗША, Германскай акадэміі прыродазнаўцаў і інш.).

У гонар Я.Зяльдовіча ў 2001 годзе названа малая планета, якой дадзена найменне «11438 Зяльдовіч» у Міжнародным каталогу малых планет.

Памёр у Маскве.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 6 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»