Илюстрацыйны здымак

З 17 студзеня буйныя гандлёвыя сеткі Беларусі пачалі прадаваць некаторыя сацыяльна значныя тавары для пенсіянераў, шматдзетных сем’яў і малазабяспечаных людзей са зніжкай у 10%. Аднак пакуль не ўсе пакупнікі ў сельскай мясцовасці могуць скарыстацца гэтай акцыяй.

З мэтай падтрымаць бяднейшых

Такая адрасная падтрымка сацыяльна ўразлівых слаёў насельніцтва, паводле тлумачэнняў адмыслоўцаў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, была прынята ў сувязі з тым, што ў 2021 годзе інфляцыя ў краіне склала 9,97%, а цэны на сацыяльна значныя тавары выраслі на 9,1%.

У спіс тавараў, на якія прыпадае зніжка ў 10%, уключылі малочныя прадукты, пшанічную муку, аўсянку, ячныя крупы, хлеб, макарону, курыныя яйкі, сланечнікавы і рапсавы алей, цукар, сухія малочныя кашы для дзіцячага харчавання, мясныя кансервы, кансервы фруктовыя для дзіцячага харчавання.

У спіс таксама трапілі свежыя яблыкі, белакачанная капуста, рэпчатая цыбуля, буракі, морква, бульба. З мяса ў пералік уключылі ялавічыну і свініну (акрамя бескасцёвага мяса), курыцу (у тым ліку мяса куранят-бройлераў, астуджанае або замарожанае, у тушках).

Праўда, трэба зазначыць, што ў спісе тавараў, на якія дзейнічае зніжка, існуюць удакладненні, якія канкрэтна тавары можна будзе набыць танней.

Трэба сказаць, што да акцыі далучыліся не ўсе гандлёвыя прадпрыемствы краіны. Тым не менш сярод тых, хто вырашыў у гэты няпросты час хоць нейкім чынам падтрымаць найбольш уразлівыя слаі насельніцтва, такія рытэйлеры, як «Еўраопт», «Суседзі», «Віталюр», «Белмаркет», «СантаРытэйл», Green, «Карона», «Белкаапсаюз», «Алмі», «Дабраном», ДАРОРС.

На ўсё пра ўсё тры дні

«Народная Воля» на прыкладзе Гродзенскага рэгіёна паглядзела, як дзейнічае падобная ініцыятыва. Праз даведку «Еўраопта» – адной з найбольш распаўсюджаных у вобласці гандлёвай сеткі – лёгка можна атрымаць інфармацыю, як скарыстацца акцыяй.

Для гэтага неабходна звярнуцца ў любую краму іх гандлёвай сеткі (пры сабе мець пасведчанне пенсіянера, пашпарт, а таксама бонусную картку), на месцы напісаць заяву аб тым, што вы хочаце змяніць статус на бонуснай картцы, якая зарэгістравана на сайце, на сацыяльны. І на працягу трох дзён зніжка па вашай картцы пачне дзейнічаць.

Тэарэтычна ўсё выглядае даволі сучасна. Праўда, ажыятажу пакуль не назіраецца: у крамах гандлёвай сеткі «Еўраопт» можна назіраць толькі адзінкавых пакупнікоў, якія запаўняюць неабходную заяву.

– Трэба было аб гэтым загадзя папярэдзіць і растлумачыць людзям, – заўважае мужчына сталага веку ў чарзе. – А то міне зіма, а многія не будуць нават ведаць, што падобныя зніжкі існуюць.

Яшчэ адна пенсіянерка наракае, што трэба пісаць нейкія заявы, а яна без акуляраў гэтага зрабіць не можа. Але маладзенькія супрацоўнікі крамы хутка прыходзяць на дапамогу старэйшым людзям.

«Мы пакуль нічога не ведаем…»

Інакш выглядае сітуацыя ў сельскай мясцовасці. Як вядома, у большасці вёсак на тэрыторыі краіны ёсць толькі крамы гандлёвай сеткі «Белкаапсаюза». Яны і з’яўляюцца адзіным месцам, дзе людзі могуць набываць прадукты харчавання.

І вось тут пачынаюцца праблемы. У вясковых крамах Беларускага спажывецкага таварыства ў розных раёнах загадчыцы крам адказвалі, што нават нічога не чулі пра ўвядзенне падобнай акцыі са зніжкамі на сацыяльна значныя тавары. Дарэчы, падобны адказ гучаў і ў крамах раённых цэнтраў, якія належаць спажывецкаму таварыству, і нават у абласным горадзе.

Не ўдалося знайсці і сярод вяскоўцаў тых, хто ведаў бы пра адрасную сацыяльную падтрымку ўразлівым слаям насельніцтва.

– Мы пра такое не чулі, – сказаў Міхаіл Сошка са Слонімскага раёна. – І сваякі, якія жывуць у вёсцы, таксама нічога не казалі.

А Уладзімір Трахімчык з Галавачоў, што ў Гродзенскім раёне, без асаблівых эмоцый заўважыў:

– У нас адна крама і тая прыватная, а таму ў любым выпадку не маем шанцаў скарыстацца такой адраснай падтрымкай. Былі ж залатыя часы, калі ў вёсцы ў адной краме можна было набыць і хлеб, і шынку, і касу, і тазік… ды практычна ўсе патрэбныя ў гаспадарцы рэчы…

У абласным спажывецкім таварыстве першы намеснік старшыні Андрэй Гаук выразна патлумачыць сітуацыю не здолеў, праўда, сказаў, што не ўсе гандлёвыя сеткі адначасова могуць падключыцца да акцыі. І параіў звяртацца ў галаўны офіс «Белкаапсаюза».

Па тэлефоне гарачай лініі «Белкаапсаюза» спецыялістка арганізацыі патлумачыла, што на працягу тыдня ў іх крамах маюць запусціць гэтую праграму, праўда, удзельнічаць у ёй змогуць толькі аўтаматызаваныя крамы. Гэта тыя, якія маюць камп’ютар для распазнавання штрых-кодаў на таварах. Аказваецца, многія вясковыя крамы дагэтуль карыстаюцца толькі касавымі апаратамі, а гэтага недастаткова, каб праводзіць улік тавару, рэалізаванага па дысконтных картках.

Дарэчы, і дысконтныя карткі для сваіх крам «Белкаапсаюз» яшчэ толькі замовіў. Магчыма, яны з’явяцца на працягу тыдня, тады і пачнуць прымаць заявы ад пакупнікоў, якія маюць права на зніжкі.

Так што па сутнасці многія вясковыя жыхары наўрад ці змогуць у хуткім часе скарыстацца 10%-мі зніжкамі на сацыяльна значныя тавары. Хіба што паедуць у гарадскія крамы. Праўда, не да ўсіх вёсак зараз даходзіць грамадскі транспарт…

Дарэчы, плануецца, што акцыя будзе дзейнічаць да 17 ліпеня гэтага года.

Публікацыя з № 6 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»