Фёдар Шапіра

(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–100 за 2021 год, №№1,2,3,4.)

39. Фёдар Львовіч Шапіра (6 красавіка 1915 г. – 30 студзеня 1973 г.)

Ф.Шапіра – фізік, член-карэспандэнт АН СССР (1968), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1971), прэміі імя І.В.Курчатава (1977).

Нарадзіўся ў г.Віцебску. У 1941 годзе скончыў Маскоўскі ўніверсітэт. У 1945–1958 гадах працаваў у Фізічным інстытуце АН СССР, з 1959 года – намеснік дырэктара лабараторыі нейтроннай фізікі Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў (г.Дубна). Адначасова з 1967 года – прафесар Маскоўскага ўніверсітэта.

Навуковыя даследаванні Ф.Шапіры прысвечаны ядзернай і нейтроннай фізіцы. Распрацаваў і эксперыментальна абгрунтаваў метад нейтроннай спектраскапіі, адкрыў з яго дапамогай узбуджаны стан 4Не і абагульніў закон для паглынання павольных нейтронаў ядрамі. Прапанаваў метад палярызацыі нейтронаў фільтрацыяй іх праз палярызаваную пратонную мішэнь і з яго дапамогай даследаваў узамадзеянне такіх нейтронаў з палярызаванымі ядрамі, у тым ліку з дэйтэрыем. Прапанаваў новы метад дыфракцыі нейтронаў для нейтронна-структурных даследаванняў, які заснаваны на вымярэнні энергіі нейтронаў пры пэўным (зададзеным) вугле дыфракцыі. Прапанаваў і прымяніў метад зваротнай геаметрыі для вывучэння няпругкіх узаемадзеянняў павольных нейтронаў. Упершыню стварыў сістэму, якая аб’яднала ў сабе імпульсны рэактар з электронным інжэктарам. Выказаў і ажыццявіў на практыцы ідэю вымярэння магнітных момантаў нейтронных рэзанансаў па іх зрухах у магнітным полі. У 1968 годзе ўпершыню атрымаў пучок ультрахалодных нейтронаў, эксперыментальна даследаваў іх уласцівасці і пацвердзіў на практыцы эфект іх поўнага адлюстравання пры любых вуглах падзення.

Ф.Шапіра – адзін з удзельнікаў стварэння імпульснага рэактара на хуткіх нейтронах. За цыкл работ па стварэнні і ўдасканаленні імпульсных рэактараў яму ў 1971 годзе прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР. Узнагароджаны двума ордэнамі, медалямі.

Памёр у Маскве.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 5 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»