Дзяніс Бабіна

– Прафесія печніка ў наш час стала настолькі рэдкай, што многія нават і не чулі пра такую. А дзе вы вучыліся гэтай справе? У вас ёсць дыплом ці нейкі іншы дакумент, які пацвярджае вашы прафесійныя навыкі? – спытаўся я ў кіраўніка РГА «Беларускае пячное таварыства» (БелПТ) Дзяніса БАБІНЫ.

– Так, у мяне ёсць пасведчанне аб прысваенні кваліфікацыі – я скончыў адмысловыя курсы печнікоў. Праўда, павінен сказаць, што такое пасведчанне дае толькі мінімальныя веды, нюансам самой прафесіі прыйдзецца вучыцца на практыцы.

– То бок, каб навучыцца класці печку, трэба атрымаць практыку пры добрым майстры?

– У прынцыпе, так. І большасць тых, хто кладзе печы, спачатку працуюць памочнікамі ў дасведчанага майстра. Я, напрыклад, вучыўся гэтай прафесіі ў свайго таты – фундаментальныя веды ў гэтай справе даў менавіта ён. З 13 гадоў падносіў яму цэглу, гліну, пазней дапамагаў класці гэтую цэглу і ўрэшце пачаў сам ствараць печы.

– Колькі вам было гадоў, калі вы самастойна склалі першую печку?

– Я хоць і працаваў разам з татам, але мне хацелася шмат што рабіць па-свойму, у мяне былі свае амбіцыі і погляды на тое, якой павінна быць печка. Я шмат чытаў і глядзеў у інтэрнэце, як працуюць іншыя, а тата не разумеў, навошта рабіць інакш, калі ён усё жыццё клаў правераным спосабам і кожная печка добра працавала. Сваю першую печ самастойна я склаў, калі мне было 24 гады.

– Вы робіце печы па праектах і чарцяжах ці так, як гэта рабілася традыцыйна?

– Я часта заўважаю, як многія мае калегі імкнуцца адразу зрабіць складаную канструкцыю печы. Я са свайго вопыту зразумеў, што гэтую прафесію можна асвоіць толькі паступова: навучыся спачатку цэглу апрацоўваць, працаваць з растворамі, а потым пераходзь да больш складаных аперацый.

Што датычыцца праектаў і чарцяжоў, то трэба разумець, што сёння печка ў хаце – гэта не толькі функцыянальная рэч для ацяплення, а яшчэ і ўпрыгожанне інтэр’еру, эстэтычны дадатак. А таму ў кожным выпадку даводзіцца рабіць канкрэтны праект з улікам вышэйназваных акалічнасцяў. І ніколі не атрымліваецца, каб адзін праект прымяняўся двойчы.

– Тым не менш у вясковых хатах даволі часта сустракаюцца аднолькавыя печы.

– Ёсць шмат печнікоў, якія маюць дзве-тры мадэлі печак і ўсё жыццё іх кладуць. Дарэчы, сярод іх шмат выдатных майстроў, і іх печы добра працуюць. Як правіла, такія печы робяць за тры-чатыры дні. Мне звычайна на тое, каб зрабіць печ, патрэбны месяц. Некалькі дзён ідзе на распрацоўку праекта, затым кожную цаглінку трэба пашліфаваць, прапусціць праз рукі, каб печка выглядала эстэтычна. Ну і сам працэс кладкі патрабуе вытрымаць тэхналогію, даць раствору магчымасць засохнуць і г.д. У выніку атрымліваецца зусім іншы ўзровень якасці аб’екта.

– Колькі прыкладна каштуе работа над адной печчу?

– Гэта залежыць ад заказа. Да таго ж мы, як правіла, зараз працуем па два-тры чалавекі. Кошт нашай працы можа складаць ад 600 да 1000 долараў у эквіваленце. Але ў кожным выпадку па-рознаму.

– Якія печы зараз заказваюць? 

– Цяпер, як правіла, заказчык робіць акцэнт на дызайне, паколькі функцыянальнасць печы застаецца традыцыйнай. Рускія печы зараз амаль ніхто не робіць, паколькі гэта вельмі працаёмкі працэс, затратны, і ў быце цяпер іх папросту не выкарыстоўваюць. Часцей заказваюць камінапечы з вялікімі шклянымі дзверцамі, дадаюцца карнізы, палічкі, калі трэба, а таксама духавыя шафы, хлебныя камеры.

– А печы часта выходзяць са строю?

– Я, дарэчы, калі пачынаў рабіць печы, задумваўся: а чаму мы іх не абслугоўваем? А таму адным з першых у Беларусі асвоіў яшчэ і прафесію камінара. У Гродне зараз ёсць цэлая служба камінараў, мы выязджаем на выклікі. У нас і форма ёсць адмысловая, а летась мы бралі ўдзел у будаўнічым фэсце, распавядалі пра нашу службу.

Цяпер камінары ёсць і ў іншых гарадах, мы кантактуем паміж сабой, дзелімся вопытам. Праўда, што не вельмі цешыць, людзі імкнуцца не карыстацца паслугамі камінараў да таго часу, пакуль з печы дым не пойдзе ў хату.

Я, дарэчы, маю кантакты з камінарамі Польшчы, Украіны, Чэхіі, Літвы, Эстоніі – у іх гэта справа пастаўлена на больш высокім узроўні. Гаспадары печак больш адказна ставяцца да іх абслугоўвання. І гэта сябе апраўдвае.

– Калі параўноўваць цяпер працу беларускіх печнікоў і такіх самых адмыслоўцаў у іншых краінах – што можна сказаць?

– Што датычыцца нашых усходніх суседзяў па СНД, то на ўсёй гэтай прасторы доўгі час існавала адна школа кладкі печаў. Зразумела, што нейкія рэгіянальныя адметнасці прысутнічаюць, але ў прынцыпе ўсё вельмі падобна. А вось у Заходняй Еўропе зусім іншыя печы. У іх у прыярытэце кафляныя печы, і яны адрозніваюцца ад нашых. Дарэчы, там цяпер таксама ўваходзіць у моду пячное ацяпленне, бо гэта, як аказалася і экалагічна, і танней, чым іншыя крыніцы цяпла.

– Вы з’яўляецеся старшынёй РГА «Беларускае пячное таварыства», а таксама аб’яднання камінараў. Што гэта за арганізацыі, каго яны аб’ядноўваюць і з якой мэтай створаны?

– Справа ў тым, што раней у нашай краіне, каб класці печы, патрэбна была ліцэнзія. І як правіла гэтай справай займаліся адмыслоўцы, якія выконвалі ўсе неабходныя нормы і патрабаванні, а таксама рабілі пашпарт печы, выдавалі гарантыі. Потым ліцэнзіі адмянілі, і печы сталі класці ўсе, каму гэта падабаецца, і ад гэтага найперш стала цярпець якасць работы. І вось дзеля таго, каб нейкім чынам гэтаму супрацьстаяць, і нарадзілася думка зарэгістраваць такую грамадскую арганізацыю. Асноўнай мэтай было падняць прафесійны ўзровень тых людзей, якія кладуць печы. Мы праводзілі адукацыйныя семінары, майстар-класы… Дарэчы, нашы мерапрыемствы апошнія гады былі міжнародныя, у іх бралі ўдзел печнікі і камінары з еўрапейскіх краін. Зараз у нашым таварыстве каля 60 печнікоў з розных рэгіёнаў Беларусі.

– Дзяніс, дайце, калі ласка, параду нашым чытачам: як выбраць печніка?

– Магу дакладна сказаць, што за печнікоў з БелПТ сорамна ніколі не будзе. У нас людзі прафесійныя і адказныя. І ў нас кожны за любога можа паручыцца.

Публікацыя з № 5 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»