Алег Груздзіловіч

Алег Груздзіловіч больш за два тыдні знаходзіцца ў следчым ізалятары №1 Мінска.

Яму выстаўлена  абвінавачанне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

«Пра справу пакуль нічога новага, руху няма, – напісаў ён у адным з лістоў жонцы. – Зрэшты, гэтак і чакаецца, што нейкі час пойдзе на збор доказаў. Абвінавачанне ўжо выстаўлена, цяпер могуць з часам цягнуць, а потым ізноў паўтараць. Але я з гэтым не замарочваюся, тут усе ў такім становішчы».

Пра калядную вячэру ў турме

«Новы год прайшоў, сёння ўжо 6-га, вечар. Хлопцы гатуюць салату на святочную вячэру. Місак у нас няма ніякіх, толькі конаўкі, але прыстасаваліся дзяліць агуркі, таматы, перац на кавалкі і ўсё загружаць у поліэтыленавы пакет, заправілі тваім аліўкавым алеем. Будзе смачна.

І вось працяг, пішу ўжо 7 студзеня, сяджу на сваім 2-м ярусе, а хлопцы ўнізе рэжуцца ў нарды. Ужо была прагулка. Праўда, далі цесны дворык, усяго 2,5×2,5, амаль немагчыма было хадзіць. Я танчыў на месцы і мурлыкаў Let it snow… як ад цябе навучыўся».

Пра Казахстан

«Даведаўся з «СБ» пра падзеі ў Казахстане. Гэта табе не РБ, гарачыя хлопцы. Што ж будзе далей?»

Пра марнаванне часу

«Учора было два тыдні, як я пад вартай, а сёння ўвечары перайду рубеж 15 дзён, якія былі ў Баранавічах. То бок выходжу на раней невядомыя дыстанцыі няволі. Нічога, усё нармальна, хаця шкада змарнаванага часу. Столькі можна было б зрабіць, але мушу бібікі біць! Яшчэ Леў Талстой пісаў ува «Уваскрасенні», што праблема расійскіх турмаў – «праздность». Гэта так».

Пра ежу ў турме

«Ядуць свае кашкі, асабліва любяць грэчку, закусваюць салам ці каўбаскай з гароднінай. Потым садавіна. Салодкага неяк менш ядуць – зефіры попытам не карыстаюцца (дарэчы, захацелася кукурузных шматкоў. Іх можна перадаць).

З ядой – вось так. Свой запаснік мець можна, але з практычных прычын у ім застаецца печыва, цукеркі, гарбата-кава. А мясныя стравы, рыбу, садавіну, гародніну захоўваюць бліжэй да халоднага акна. Туды лазяць арганізавана.

Ну і пірагі, смачныя булкі і г.д. адразу кладуцца на стол і пад бліжэйшую гарбату з’ядаюцца. Гэта добра, бо спрыяе міру і сяброўству. Насуперак рознаму бэкграўнду».

Пра турэмны туалет

«Можна два словы пра туалет? Лепш, чым я думаў раней і чым было там, дзе быў раней.

Па-першае, натуральна, унітаз. Па-другое, шырма.

Правілы такія: уключаецца вада ўмывальніка (для гашэння дрэнных гукаў), і бярэш запалкі ды паліш іх, альбо нават туалетнай паперы кавалачак. Ёсць правіла, што калі ядуць, то туалетам не карыстаюцца».

Пра сакамернікаў

«Гэта ўжо вечар 8 студзеня. Яшчэ адзін дзень прайшоў, 18-ы. Раскажу крыху пра маіх сакамернікаў, наколькі можна. Усяго нас (замазана) і гэтая лічба дзеліцца дакладна напалам з улікам цяперашняга часу. Адзін з нашай паловы цяпер ездзіць у суд, вельмі перажывае, што страціць бізнес. Яшчэ адзін, мой калега, тут амаль год. А трэці – 3 месяцы. Ён праграміст. Шмат у якіх краінах пабываў, сёння расказаў, як з жонкай вандраваў па Інданэзіі. У Азіі яму спадабалася, ездзілі на Балі на байку.

А вось з другой паловы – гэта 328, хлопцы своеасаблівыя. Вось толькі што адзін з іх спытаўся: «А Англія далёка ад Брытаніі?» Мы грохнулі ад рогату.

Хлопцы гэтыя, бачу, выраслі на фільмах пра вампіраў і кнігах пра ваўкалакаў. Шкада іх, ім свецяць вялікія тэрміны. Яны не падаюць знаку, храбрацца, смяюцца, бо маладыя, але бачна, што гэта іх знутры вельмі ўсё ж прыгнятае. Бо раптам здараюцца выкіды эмоцый… Але паміж намі, як той казаў, «усё роўна», тым больш мы старэйшыя за іх, да канфліктаў не даходзіць».

Пра тое, што падзяляе

«А вось што сапраўды падзяляе, гэта тое, што адна палова курыць, другая не, і ты ведаеш, якая. Але сказаў бы, што асабліва гэта не замінае. Яны кураць у кабінцы-прыбіральні, за шырмай. А там зверху выцяжка. Увесь дзень у нас адчынена акно, то бок паветра ў асноўным добрае ці нядрэннае. Калі на прагулку выходзім, таксама спачатку даводзіцца глытнуць крыху дыму, бо адразу запальваюць свае цыгаркі, але потым дым падымаецца і нічога. Сёння гулялі ў нармальным дворыку 3×5, я зрабіў 150 абходаў. Не было хмар, неба чыстае, але сонца не пабачылі. Яно нізка, а мы ў яме».

Публікацыя з № 5 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»