Николай Козлов. Фото www.racyja.com

Ранней была інфармацыя, што старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі асудзілі на 3 месяцы за тое, што ён не пагадзіўся падпісаць паперу, згодна з якой не мае права агалошваць змест яго допыту следчым. Абарона Казлова падавала апеляцыю, аднак вышэйшая інстанцыя пакінула прысуд у сіле.

Цяпер партыйны лідар адбывае пакаранне ў баранавіцкім СІЗА і днямі сустрэўся ў ізалятары са сваёй сястрой. Гэта адзінае спатканне, якое дазволена яму за тры месяцы. Акрамя таго, за ўвесь час Мікалай Казлоў можа атрымаць ад родных толькі адну бандэроль і перадачу вагой 1 кілаграм.

– Мікалай знаходзіцца ў камеры адзін, – распавяла сястра старшыні АГП. – Яго прызналі «схільным да экстрэмізму, а таму над ложкам павесілі адпаведную таблічку.

Умовы ўтрымання добрымі назваць нельга. Асвятленне ў камеры дрэннае, чытаць можна з цяжкасцю. Мікалай cкардзіцца на праблемы са зрокам – відаць, нагадвае пра сябе апёк, які ён атрымаў у мінулым годзе на Акрэсціна, калі камеру залівалі хлоркай. Але ў медыцынскім аглядзе і дапамозе афтальмолага яму было адмоўлена.

Таксама Мікалай Казлоў паведаміў, што ў камеры ўвесь час працуе радыё. Карэспандэнцыю аддаюць не ўсю: тэлеграмы з віншаваннямі з Днём нараджэння ад многіх не дайшлі, атрымаў толькі тры. Пазбавілі магчымасці адказваць на лісты, бо забралі ручку і паперу.

Акрамя таго, за час знаходжання ў ізалятары лідар АГП ужо паспеў зарабіць спагнанне за тое, што нешта зрабіў нясвоечасова, хаця гадзінніка ў камеры няма.

Мікалай Казлоў не выключае, што за час адбыцця пакарання яго могуць адправіць і ў ШІЗА.

***

АСАБІСТАЯ СПРАВА

Мікалай Казлоў нарадзіўся 5 студзеня 1967 года ў г.Валожыне Мінскай вобласці. Пасля школы паступіў у Новасібірскае вышэйшае ваеннае агульнавайсковае вучылішча.

Служыў у Закаўказзі і Сярэдняй Азіі, удзельнічаў у развядзенні супрацьлеглых бакоў падчас канфлікту ў Нагорным Карабаху.

У 1991 годзе пасля распаду СССР вярнуўся ў Беларусь, паступіў на службу ў крымінальны вышук. Усе 17 гадоў працы былі прысвечаны барацьбе з крыміналам і пошуку злачынцаў. Раскрыў больш за тысячу злачынстваў.

У 2008 годзе, калі падпалкоўнік Мікалай Казлоў працаваў старшым упаўнаважаным па асабліва важных справах, ён затрымаў старшыню выбарчай камісіі Аляўціну Гладкую, калі заспеў яго за ўкідам бюлетэняў. Мікалай падаў афіцыйны рапарт пра гэта злачынства. Калі міліцэйскае начальства спусціла справу «на тармазах», Казлоў у знак пратэсту сышоў з міліцыі і перадаў усю інфармацыю пра гэта злачынства ў СМІ.

З 2012 года Мікалай Казлоў – сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а ў 2018-м стаў старшынёй АГП.

За гэты час неаднаразова падвяргаўся адміністрацыйным штрафам і арыштам, у тым ліку за ўдзел у пратэстным руху вясной 2017 года супраць дэкрэта «аб дармаедах», за ўдзел у акцыях у абарону незалежнасці Беларусі напрыканцы 2019 года.

Пастаянна змагаецца за справядлівыя выбары і выкрывае фальсіфікацыі падчас выбарчых кампаній.

***

ПЫТАННЕ РУБАМ!

Вольга БЕЛЯЎЦОВА, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

«Ніякіх акцый у падтрымку лідара нашай партыі праводзіць не будзем»

«Народная Воля» пацікавілася ў кіраўніцтва АГП, як аднапартыйцы змагаюцца за вызваленне свайго лідара.

Што чуваць пра Мікалая Казлова?– На пачатку года мы павіншавалі Мікалая з усімі святамі, але не факт, што гэтыя віншаванні дайшлі, – кажа намеснік старшыні АГП Вольга Беляўцова. – І няма ніводнага ліста нам ад Мікалай Казлова.

– Можа быць, партыя збіраецца зрабіць нейкія адмысловыя заявы з патрабаваннем вызваліць свайго кіраўніка або будзеце падаваць афіцыйную заяўку на правядзенне пікета, каб прыцягнуць увагу грамадства да праблемы?

– Нічога з вышэйпералічанага мы рабіць не будзем. Ва ўсялякім выпадку на сённяшні момант ніякіх партыйных рашэнняў з гэтай нагоды не было прынята. І прапаноў таксама не было.

Чаму? За кратамі ж пакутуе ваш лідар…

– Мы разумеем, але ў нас зараз шмат хто за кратамі.

Публікацыя з № 5 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»