Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

35-гадовы жыхар Віцебска прасіў знаёмых купляць для яго ў крэдыт
розную тэхніку, якую ён потым прадаваў, а грошы траціў на сябе. 360 тысяч
рублёў аддалі махляру 43 ахвяры, якіх ён здолеў «угаварыць», будучы
глуханямым.

Сучасны свет жыве варожа,
А дабрыні не надта шмат.
Парой табе не дапаможа,
Рубля не дасць і родны брат.
А часам на скарынку хлеба
Ламаны грош дадуць бацькі,
Хаця табе на булку трэба…
Ну што паробіш? Свет такі.
І выглядае проста дзівам
(Зафіксаваць той цуд пара),
Што кожны быў добразычлівым
Да прайдзісвета-махляра.
Прынамсі, нечакана досыць,
Што адбывалася з людзьмі:
Каго ён толькі ні папросіць
(Маўляў, крэдыт, браток, вазьмі
І мне купі за тыя грошы
Харошы вельмі тэлефон
Або айпад не самы горшы) –
Ні ў чым не меў адмовы ён!
Куплялі прайдзісвету рэчы,
Яшчэ і ўдзячнымі былі,
Што ён зрабіў па-чалавечы,
Узяўшы іхнія рублі.
Згрызот не зведваў клёк ягоны.
З наіўным відам прайдзісвет
Вялікадушна браў смартфоны
І прадаваў, каб жыць як след.
А як жа ўздзейнічаў на розум,
Чым «падкупляў» сваіх ахвяр?
Ён не валодае гіпнозам,
А мае іншы божы дар.
Напэўна, па падказцы з Неба
Пераканаць любога мог:
Усім, што ёсць, дзяліцца трэба,
Бо гэтак накануе Бог.

Ад захаплення ў раз чарговы
Былі б гатовы ўсклікнуць мы:
«Якую сілу маюць словы!»
Ды прайдзісвет… глуханямы.
Калі працэс пачнецца скора,
Удасца, мусібыць, яму
Пераканаць і пракурора:
Не варта слаць яго ў турму.

***

Усё ў нас цераз пень-калоду:
Дыктат-прыгнёт, трашчыць бюджэт –
Бядота выпала народу.
Але з экрана і з газет
Даводзяць нам прапагандысты:
Улада наша – быццам мёд,
А апаненты – дух нячысты,
Што каламуціць наш народ.
Прапагандысты плешчуць многа,
Ды толку з гэтага няшмат.
Відаць, таго глуханямога
Патрэбна ім узяць у штат.

Сама вінавата

Вярнуўся муж з камандзіроўкі,
І выгляд гэтакі адчайны,
Што хоць ты ві з яго вяроўкі:
Згубіў пярсцёнак заручальны.
Ушчэнт абураная жонка
Накінулася, як тыгрыца:
– Ды каб пазбавіцца пярсцёнка,
Патрэбна нават ухітрыцца!
– Сама ты вінавата ў гэтым,
Дык не бяры цяпер за шкіркі:
Прасіў яшчэ мінулым летам
Залатаць у кішэні дзіркі…

Помста

Мне думка здалася цікавай:
На жаль, некаторым няўцям,
Што помста – каварная страва,
Якою атруцішся сам…

Шок

Даішнік абас..аўся крышку,
Яго амаль хапіў удар,

Калі спыніў якуюсь шышку
І пазванілі на радар…

Мярзотнікі

Калега выказаўся трапна:
– Мярзотнікі, адчуўшы раптам,
Што крылы выраслі пад каркам,
Адразу ж пачынаюць каркаць…

Калі падабаюцца ўсе

Калі павінен ты прызнацца,
Што ўжо старэеш пакрысе?
Як пачынаюць падабацца
Вакол цябе жанчыны ўсе…

Публікацыя з № 5 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»