Арына Сабаленка

Вось ужо праўду кажуць: ад любові да нянавісці – адзін крок. Здавалася б, беларускія аматары спорту ў любой сітуацыі павінны падтрымліваць сваіх спартсменаў – і ў радасці, і ў горы. Але практыка паказвае, што гэта не заўсёды так. І сітуацыя з тэнісісткай Арынай Сабаленка таму пацвярджэнне.

Трэба адзначыць, што мінулы сезон для Арыны быў дастаткова добры. Напрыканцы 2021 года беларуска замацавалася на другой пазіцыі ў сусветным рэйтынгу, стала першай ракеткай свету ў парным разрадзе, за сезон зарабіла амаль 3 мільёны долараў. Хапала і крытыкі ў яе адрас з боку балельшчыкаў, але, што называецца, сабака брэша, а караван ідзе.

А вось пачатак гэтага года для Сабаленка стаў самым сапраўдным жахам. Спачатку беларуская тэнісістка ў 1/8 фіналу турніру ў аўстралійскай Адэлаідзе нечакана прайграла 100-й ракетцы свету славенцы Каі Юван. Ды яшчэ пры гэтым за матч зрабіла 18 (!) двайных памылак.

«Малайчына, Арына, працягвае радаваць сваёй гульнёй! – адрэагавалі на спартыўных форумах беларускія балельшчыкі. – Так трымаць!»

«Узняла настрой з раніцы!»

Праз некалькі дзён Арыну чакаў новы канфуз – капітуляцыя перад 93-й ракеткай свету шведкай Рэбекай Петэрсан. Якія толькі «цуды» не паказвала Арына падчас гэтай гульні! І незвычайна падавала мячы, як у бадмінтоне – знізу ўверх. І крычала, і плакала, і смяялася, і шпурляла ракетку…

«Які прыемны для вока пачатак сезона», – зноў кпілі з Сабаленка на форумах.

Многія балельшчыкі чакалі, што Арына неяк патлумачыць свой правальны старт у гэтым годзе, аднак стала вядома, што спартсменка наогул абмежавала каментарыі на сваёй старонцы ў «Інстаграме».

«О! Зараз так наваляць «падтрымкі» народнай любіміцы, што не пацягне, – працягвалі пускаць іранічныя стрэлы ў бок тэнісісткі аматары спорту. – Наелася балельшчыцкай любові і павагі? А можа быць, думае над папраўкамі ў Канстытуцыю?»

Трэба дадаць, што дастаецца Арыне не толькі за яе паражэнні, але і за пазіцыю, якую яна агучыла пасля падзей 2020 года, падпісаўшы праўладны ліст спартсменаў.

«За гэта мне выказвалі і рэспект, была і нянавісць, – распавядала тэнісістка. – Кожны ўспрыняў па-рознаму. Зараз, безумоўна, вельмі шмат хейту. Але вось мая пазіцыя, і яна – такая. Ужо апісвала ў «Інстаграме»: калі вы змагаецеся за пазіцыю, то чаму ненавідзіце мяне за маю пазіцыю? У кожнага чалавека яна свая.

Людзі лічаць мяне здраднікам. Яны хочуць, каб я заскочыла ў «Інстаграм» са сцягам і крычала пра гэта. Але ў мяне іншая пазіцыя. Хаця я, безумоўна, уважліва назірала за падзеямі 2020 года. Я вельмі перажывала і перажываю, хочацца міру ва ўсім свеце. І каб Беларусь была такой жа мірнай, як была раней. Я не бессардэчная пачвара.

Але тыя, хто за бел-чырвона-белы сцяг, яны зараз мяне ненавідзяць. Зрэшты, многія казалі, што я – малайчына».

Былы старшыня Беларускай тэніснай асацыяцыі Сяргей Цяцерын пацвердзіў, што Сабаленка і на самай справе малайчына, бо яна «не блытае палітыку і спорт, для яе і краіна існуе, і дзяржаўны сцяг існуе».

«Яна выходзіць і змагаецца пад гэтым сцягам, пад нашым сцягам, пад беларускім, – адвешваў кампліменты спартсменцы Цяцерын. – Думаю, у Арыны хопіць сіл, каб яна прагрэсіравала, радавала ўсіх нас, усю нашу краіну і тых, каму наша краіна неабыякава».

Самае цікавае, што на тых жа форумах няма практычна ніводнага слова падтрымкі ў адрас Арыны Сабаленка. Гэта, безумоўна, не паказчык «народнай любові» і не сацыялогія, але, відаць, мае Арына тое, што заслужыла. Як дзядзька да людзей, так і яму ад людзей!

Публікацыя з № 5 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»