Уладзімір Колас

Такое пытанне хвалюе многіх прыхільнікаў «Народнай Волі». Гадоў дзесяць таму пазіцыя Рады беларускай інтэлігенцыі гучала па многіх актуальных пытаннях грамадска-палітычнага жыцця Беларусі. Але з цягам часу голас інтэлектуальнай эліты рабіўся ўсё цішэй, а зараз яго ўжо і наогул не чуваць.

Запіс тэлефоннай размовы з Уладзімірам КОЛАСАМ, які некалі быў галоўным ініцыятарам стварэння Рады беларускай інтэлігенцыі і на першых парах актыўна кіраваў яе дзейнасцю, мы прапаноўваем увазе чытачоў.

Уладзімір Георгіевіч, сёння як ніколі грамадства хоча чуць голас інтэлігенцыі. Хто, як не яна, павінна сказаць сваё рашучае слова наконт таго, як змяніць сітуацыю ў краіне да лепшага? На жаль, вось ужо шмат гадоў пра дзейнасць Рады беларускай інтэлігенцыі нічога не чуваць. Што здарылася?

– Ведаеце, голас Рады не такі магутны, каб пакрыць усю тэрыторыю краіны. У гэтым больш дапамагаюць сродкі масавай інфармацыі, але апошнім часам увага СМІ да думкі інтэлігенцыі, мякка кажучы, была невялікай. Фокус увагі быў пераключаны на іншых асоб і іншыя структуры, якія – вы ўсе цудоўна ведаеце. А мы не хацелі цягнуць коўдру на сябе, і гэта ўвогуле не мела сэнсу.

Але па вялікім рахунку Рада беларускай інтэлігенцыі ўжо ўсё сказала, што хацела сказаць, і паўтараць гэта не патрэбна. Тое, што зараз маем, ужо ацэнена.

Ёсць людзі, якія ўзялі на сябе ініцыятыву і адказнасць за тое, што сёння адбываецца. Мы былі гатовы да супрацоўніцтва, падавалі пра гэта сігналы, але нашы паслугі аказаліся незапатрабаванымі. Яны рэкрутавалі нейкіх сваіх людзей, знаёмых і гэтак далей. І цяпер яны – лідары, таму няхай за свае справы нясуць адказнасць.

Але чаму сёння маўчыць цвет нацыі – беларуская інтэлігенцыя?

– Паўтаруся: сёння ёсць новыя лідары думкі. Адбываецца змена пакаленняў, а Рада беларускай інтэлігенцыі – гэта, так бы мовіць, людзі ранейшага склікання. Больш за палову сябраў рады наогул ужо адышлі ў іншы свет.

Трэба сказаць, што гэта праблема беларускай нацыі і беларусаў – шанаванне старых. Гэтага ж няма! Наадварот, ёсць тэндэнцыя непавагі. Зараз кожны сам гаспадар сваёй думкі. Не хапае аўтарытэтаў. І ўлада працуе на гэта, і апазіцыя таксама. Апошнія з кан’юнктурна-палітычных мэтаў Раду беларускай інтэлігенцыі неаднаразова ігнаравалі, сабаціравалі і дыскрэдытавалі.

Таму гэта праблема – канкурэнцыя ўнутры беларускай апазіцыі. Гэта тое, з чым змагалася наша Рада, і гэта тое, што зноў працягваецца. Праігнаравалі назапашаны досвед старой апазіцыі, якая таксама наламала нямала дроў, і цяпер ёсць вялікая небяспека, што новыя апазіцыйныя лідары будуць наступаць на ўсё тыя ж граблі.

Атрымліваецца, што Рада беларускай інтэлігенцыі існуе толькі фармальна?

– Можна сказаць і так. У сённяшніх умовах нават збірацца няма дзе і даволі-такі небяспечна. Хаця мы, безумоўна, абменьваемся нейкімі думкамі, кантактуем.

Калі ж прадстаўнікі СМІ будуць да нас звяртацца, то мы выкажам сваю думку. Але які сэнс выступаць з нейкімі зваротамі, якія нават незалежныя сродкі масавай інфармацыі ў свой час не заўважалі? Былі спробы сабраць прэс-канферэнцыі – нас ізноў-такі ігнаравалі.

Таму няхай сёння новыя лідары з новага пакалення выступаюць. Як кажуць, сцяг ім у рукі! Але калі ад нас нешта спатрэбіцца, то мы, як грамадзяне, гатовы ўдзельнічаць, дапамагаць і дзяліцца досведам.

Публікацыя з № 4 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»