У інтэрнэт-СМІ і ў сацсетках пачалі распаўсюджвацца чуткі, што рэферэндум па Канстытуцыі можа адбыцца не ў канцы, а ўжо ў першай палове лютага. Называецца нават канкрэтная дата – 10 лютага. Аднак па законе такое проста немагчыма.

1 лістапада 2021 года Лідзія Ярмошына, якая тады яшчэ ўзначальвала Цэнтрвыбаркам, заявіла: «Неабходны мінімальны тэрмін для падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму – 30 дзён. Калі размова ідзе пра магчымасці правядзення рэферэндуму ў канцы лютага, то атрымліваецца, што прызначаны ён можа быць у канцы студзеня. Іншымі словамі, не пазней як за 30 дзён да яго правядзення».

Аднак спадарыня Ярмошына ў сваіх словах не была дакладнай. Бо 30-дзённы тэрмін у заканадаўстве сапраўды фігуруе, але вось у якім кантэксце.

Згодна з артыкулам 34 Выбарчага кодэкса, не пазней як за месяц да рэферэндуму павінны быць утвораны абласныя і Мінская гарадская камісіі па правядзенні плебісцыту.

У такі ж тэрмін – не пазней як за месяц – павінны быць утвораны тэрытарыяльныя камісіі (раённыя, гарадскія ў гарадах, што падпарадкоўваюцца вобласці, і гэтак далей).

Прычым, як запісана ў тым жа кодэксе, гэтыя камісіі фарміруюцца з прадстаўнікоў палітычных партый, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў і нават шляхам вылучэння ад грамадзян. Лагічна, што на такое вылучэнне патрабуецца час. І зрабіць гэта дзень у дзень з абвяшчэннем рэферэндуму проста немагчыма.

Дарэчы, апошні рэферэндум, на якім было вырашана дазволіць аднаму чалавеку займаць пасаду прэзідэнта Беларусі не два разы, а колькі заўгодна, адбыўся 17 кастрычніка 2004 года. Але ён быў прызначаны 7 верасня. Іншымі словамі, на фарміраванне тэрытарыяльных камісій адводзілася 10 дзён.

Такім чынам, тэрміны сапраўды падціскаюць. Але рэферэндум дакладна адбудзецца не 10 лютага. Гэтым чуткам не верце.

Публікацыя з № 4 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»