(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–100 за 2021 год, №№1,2,3.)

35. Леанід Ісаакавіч Мандэльштам (22 красавіка (4 мая) 1879 г. – 27 лістапада 1944 г.)

Леанід Мандэльштам – фізік, акадэмік Акадэміі навук СССР (з 1929-га; з 1928-га – член-карэспандэнт), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1942).

Нарадзіўся ў Магілёве. Вучыўся з 1887 года ў Новарасійскім (цяпер Адэскім) універсітэце, з якога быў адлічаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Скончыў Страсбургскі ўніверсітэт (1902), дзе застаўся працаваць. З 1913 года – прафесар гэтага ўніверсітэта.

У 1914 годзе вярнуўся ў Расію. Загадваў у 1918–1922 гадах кафедрай фізікі Адэскага політэхнічнага інстытута. З 1925 года – прафесар, загадчык кафедры тэарэтычнай фізікі Маскоўскага ўніверсітэта і супрацоўнік Навукова-даследчага інстытута фізікі Маскоўскага ўніверсітэта. З 1934 года адначасова працаваў у Фізіка-тэхнічным інстытуце Акадэміі навук СССР.

Навуковыя даследаванні Л.Мандэльштама прысвечаны оптыцы, радыёфізіцы, тэорыі нелінейных ваганняў, квантавай механіцы, гісторыі і метадалогіі фізікі. У 1907 годзе ў працы «Пра аптычна аднастайныя і цьмяныя асяроддзі», якая была прысвечана рассейванню святла, даказаў памылковасць шырока прынятай у той час тэорыі М.Планка і Дж.Рэлея і паказаў, што рассейванне святла абумоўлена неаднастайнасцю асяроддзя. Даказаў у далейшых даследаваннях, што неаднароднасць асяроддзяў абумоўлена статыстычнымі функтуацыямі шчыльнасці асяроддзя. У 1926 годзе незалежна ад французскага фізіка Л.Брылюэна тэарэтычна прадказаў, што пры рассейванні святла пругкім асяроддзем павінна назірацца расшчапленне лініі рассеянага святла (эфект Брылюэна–Мандэльштама). Правёў эксперыментальныя даследаванні, каб выявіць гэты эфект. У 1928 годзе сумесна з Г.Ландсбергам эксперыментальна адкрыў эфект камбінацыйнага рассейвання святла. З ім жа адкрыў з’яву селектыўнага рассейвання святла. Сумесна з М.Леантовічам распрацаваў тэорыю рассейвання святла ў цвёрдых асяроддзях. Прапанаваў дакладную матэматычную тэорыю аптычных адлюстраванняў.

Аўтар шэрагу перспектыўных ідэй у квантавай тэорыі. Распрацаваў у 1928 годзе (сумесна з М.Леантовічам) тэорыю праходжання часцінак праз патэнцыяльны бар’ер. Прадказаў існаванне матрыцы рассейвання. Адным з першых зразумеў фізічнае значэнне тэорыі адноснасці і рабіў шмат намаганняў для яе тлумачэння і прапаганды. Сумесна з І.Тамам прапанаваў больш агульную трактоўку суадносін недакладнасцяў у тэрмінах «энергія – час», за што яму была прысуджана прэмія імя У.І.Леніна (1931).

Даследаванні Л.Мандэльштама па тэорыі ваганняў (сумесна з М.Папалексі) прывялі да стварэння новага напрамку ў фізіцы – тэорыі нелінейных ваганняў (1936 г. – прэмія імя Д.І.Мендзялеева). Прапанаваў тэорыю, якая разглядала вагальныя працэсы ў радыётэхніцы, акустыцы, аўтаматыцы, электрадынаміцы. З яго імем звязана адкрыццё новых відаў рэзанансу, у прыватнасці рэзанансу 2-га роду, і стварэнне яго тэорыі, абагульненне і паглыбленне паняцця рэзанансу, стварэнне тэорыі стацыянарных ваганняў пры рэзанансе 2-га роду, выяўленне асінхроннага ўзбуджэння, распрацоўка новага метаду генерацыі электрамагнітнай энергіі пры дапамозе параметрычных генератараў.

Л.Мандэльштам унёс істотны ўклад ў развіццё радыёфізікі і радыётэхнікі. Распрацаваў (сумесна з М.Папалексі) новыя спосабы радыётэлеграфнай і радыётэлефоннай мадуляцыі, радыёінтэрферэнцыйныя метады даследавання радыёхваляў і вымярэння адлегласцяў, стварыў новую галіну радыётэхнікі – радыёгеадэзію.

Л.Мандэльштам з’яўляецца заснавальнікам навуковай школы па радыёфізіцы. Сярод яго вучняў – А.Андронаў, А.Віт, Г.Ландсберг, М.Леантовіч, І.Там, С.Шубін, С.Рытаў, У.Мігулін, іншыя вядомыя вучоныя. Ён узнагароджаны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга.

У 1945 годзе АН СССР заснавала дзве прэміі імя Л.І.Мандэльштама – за лепшыя працы па фізіцы і радыёфізіцы.

Памёр у Маскве.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 4 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»