Якаў Шур

(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–100 за 2021 год, №№1,2,3.)

36. Якаў Шэбселевіч Шур (20 красавіка 1908 г. – 24 мая 1986 г.)

Я.Шур – фізік, член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР (1970), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1967).

Нарадзіўся ў мястэчку Дуброўна Віцебскай губерні (цяпер раённы цэнтр Віцебскай вобласці). У 1932 годзе скончыў Ленінградскі ўніверсітэт і быў накіраваны на працу ў Інстытут фізікі металаў Уральскага навуковага цэнтра Акадэміі навук СССР у Свярдлоўску (цяпер Інстытут фізікі металаў Уральскага аддзялення Расійскай акадэміі навук), дзе працаваў у 1932–1939 гадах загадчыкам лабараторыі ферамагнетызму. Адначасова ў 1938–1944 гадах – дацэнт, у 1944–1972 гадах – прафесар Уральскага ўніверсітэта.

Навуковыя даследаванні Я.Шура прысвечаны фізіцы магнітных з’яў і магнітных матэрыялаў. Ён з’яўляецца стваральнікам уральскай школы магнітолагаў, якая распрацоўвае пытанні фізікі магнітных матэрыялаў і іх практычнага выкарыстання. Сярод яго вучняў 8 дактароў і больш за 40 кандыдатаў навук.

Я.Шур вывучаў магнітныя ўласцівасці газаў і пары, ферамагнітныя ўласцівасці розных рэчываў. Выказаў тэорыю тэхнічнай крывой намагнічвання. Даследаваў працэсы перамагнічвання, магнітны гістэрэзіс, вывучаў структуру ферамагнетыкаў. Устанавіў заканамернасці анізатрапіі каэрцытыўнай сілы ў ферамагнітных монакрышталях, адкрыў тэмпературны магнітны гістэрэзіс (1948), пераходную даменную структуру ў высокамагнітна-анізатропных ферамагнетыках (1953). Вывучаў механізм узнікнення зародкаў перамагнічвання (1973). Прапанаваў спосаб стварэння тэкстуры шляхам тэрмамеханічнай апрацоўкі (1941). Стварыў новыя магнітныя і магнітастрыкцыйныя матэрыялы, магнітныя стужкі. За распрацоўку і выкарыстанне на практыцы новых магнітастрыкцыйных матэрыялаў яму ў 1967 годзе была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР. Узнагароджаны чатырма ордэнамі.

Аўтар больш як 300 навуковых прац, у тым ліку фундаментальнай навуковай працы «Ферамагнетызм».

Шмат гадоў прафесар Я.Шур чытаў спецкурсы «Ферамагнетызм» і «Магнітныя матэрыялы» студэнтам кафедры фізікі магнітных з’яў Уральскага ўніверсітэта.

Памёр у Свярдлоўску.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 4 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»