Ігар Барысаў

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) выказаўся адносна праекта Канстытуцыі, які прапаноўваецца вынесці на рэферэндум.

«У беларускім праекце Канстытуцыі знаходзяцца агульныя рысы з кітайскай мелітакратыяй, – лічыць Барысаў. – Там таксама ёсць Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў, які мае заканадаўчыя функцыі, збіраецца раз на год і г.д.

Улада прапануе зрабіць усё магчымае, каб выключыць апанентаў з актыўнай фазы любой выбарчай кампаніі, а таксама зрабіць меншую колькасць выбарчых кампаній праз стварэнне адзінага дня галасавання па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў і Палату прадстаўнікоў з прадаўжэннем паўнамоцтваў дзеючых дэпутатаў на 5 гадоў.

Ідэя адзінага дня галасавання добрая, аднак яна кампенсуецца эксцэнтрычнай арыгінальнасцю – выбары павінны адбывацца ў апошні тыдзень лютага. Для тых, хто займаецца выбарчымі кампаніямі не адзін год, зразумела, што ніхто ў лютыя маразы не будзе займацца зборам подпісаў ці агітацыяй на вуліцы. Такім чынам гасіцца любая вулічная актыўнасць ў часе выбарчай кампаніі. На мой погляд, прымальнымі чысламі для адзінага дня галасавання з’яўляюцца другія, трэція ці чацвёртыя выхадныя верасня.

Уводзяцца ўзроставыя абмежаванні да кандыдата на пасаду прэзідэнта: прапануецца, што ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах можна з 40 гадоў. На маю думку, гэтай нормай адсякаюцца маладыя палітычныя лідары, якія з’явіліся ў часе мінулай выбарчай кампаніі.

Яшчэ адно абмежаванне на ўдзел у выбарах для тых, хто пэўны час жыў у іншай краіне, – кандыдат на пасаду прэзідэнта павінен пражываць на тэрыторыі Беларусі цягам апошніх 20 гадоў. Гэта фактычна накіравана на тых, хто вымушаны быў з’ехаць з Беларусі за апошнія 1,5 года.

Норма аб спыненні грамадзянства дае права любога свайго палітычнага апанента пазбавіць беларускага грамадзянства, і зараз яна патэнцыйна можа быць накіравана супраць дзеячаў беларускай эміграцыі, якія стварылі свае палітычныя цэнтры. Такую норму практыкаваў нямецкі Трэці Рэйх. Варта ўзгадаць, што сацыял-дэмакрат Вілі Брант быў пазбаўлены грамадзянства, аднак пасля краху нацысцкай Германіі ён здолеў стаць яе канцлерам».

Калі лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін мяркуе, што поле для дзейнасці палітычных партый, згодна з новым праектам Канстытуцыі, звужаецца, то Барысаў лічыць, што некаторыя новыя фармулёўкі, наадварот, могуць пашырыць ролю партый.

«Бо ў праекце напісана, што партыі «спрыяюць рэалізацыі і абароне правоў, свабод і інтарэсаў чалавека і грамадзяніна», – цытуе Барысава bsdp.org. – Гэта больш шырокая фармулёўка, чым папярэдняя, аднак няма ні слова пра дзяржаўнае фінансаванне партый, прапарцыйную ці змешаную сістэму выбараў, застаецца магчымасць вылучаць кандыдатаў у дэпутаты ад працоўных калектываў. Гэта не спрыяе ўмацаванню інстытута палітычных партый. Прапануецца скасаваць права вылучаць грамадскімі арганізацыямі кандыдатаў у дэпутаты. На маю думку, у выпадку дэмакратычных зменаў такая пазіцыя павінна таксама быць скасавана».

Правы працоўных, на думку Барысава, таксама не палепшацца: «Новая рэдакцыя Канстытуцыі ўжо не дае права прымаць удзел працоўным у кіраванні прадпрыемствамі і ўстановамі, як гэта было раней. Хоць гэта на практыцы і не выконвалася, аднак такая норма існавала.

Таксама ўводзіцца норма аб сацыяльнай адказнасці, унясенні пасільнага ўкладу ў развіццё грамадства і дзяржавы. Гэта фактычная легалізацыя дэкрэта аб дармаедах».

«Скасоўваецца пункт аб тым, што Беларусь ставіць на мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву – нейтральнай, – аналізуе прапанаваныя змены Барысаў. – Гэта канец нейтралітэту на карысць беларуска-расійскаму ваеннаму супрацоўніцтву. Хоць і прапісваецца, што краіна выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненні да іншых дзяржаў, – пункт аб нейтралітэце, які скасоўваецца, гаворыць пра знешнюю залежнасць ад саюзніка.

Праект новай Канстытуцыі прыніжае ролю прэм’ер-міністра. У выпадку адсутнасці прэзідэнта выконваць абавязкі будзе не ён, а старшыня Савета Рэспублікі.

Усебеларускі народны сход можа выступаць з заканадаўчай ініцыятывай. Тым часам прэзідэнт гэта рабіць праз дэкрэты ўжо не зможа, і тут мы бачым, што новую сістэму спрабуюць затачыць пад Аляксандра Лукашэнку, каб, будучы старшынёй прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, ён мог навязваць свае заканадаўчыя ініцыятывы ўсім.

Калі казаць з пазіцыі сацыял-дэмакратаў, то скасоўваецца тлумачэнне існуючага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання дзяржавы. Выкрэсліваецца, што тэрыторыя дзеліцца на раёны, гарады, вобласці і іншыя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі. Гэта дае магчымасць правесці рэформу і прыняць новы закон аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным абуладкаванні. Мы, дарэчы, маем такую канцэпцыю.

Прапісваецца магчымасць на бясплатнае лячэнне за кошт дзяржаўных сродкаў. Раней было лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя.

Уводзіцца магчымасць падаваць у суд на рашэнні і дзеянні (бяздзеянне) дзяржаўных органаў і службовых асоб, якія парушаюць правы і свабоды. Раней такога не было.

Грамадзяне могуць звяртацца ў Канстытуцыйны суд па абарону сваіх канстытуцыйных правоў. Раней такой нормы не было, і яна нядрэнная, па-меншай меры фармальна.

Ні старая, ні новая Канстытуцыя не аблягчаюць жыццё грамадзян. Людзі чакалі змен, а атрымаюць рэакцыйныя змены з яшчэ большай канцэнтрацыяй улады. Тым больш ведаючы, што «не да законаў» зараз, відаць, «не да законаў» будзе і пасля. І ўсё гэта выглядае як пераразмеркаванне ўлады ўнутры наменклатуры, аднак з працэсаў стварэння альтэрнатыўных праектаў, вылучэння ў камісіі і назірання, свабоднага і справядлівага падліку галасоў выключаны грамадзяне і палітычныя партыі.

Усебеларускі народны сход – гэта стварэнне нейкага абсалюту, куды прапануецца загнаць прадстаўнікоў усіх трох галін улады і мясцовай вертыкалі ўлады. У ідэале ўсе гэтыя тры галіны ўлады павінны ўраўнаважваць адна адну і стрымліваць, а не згладжваць супярэчнасці, бо калі іх не будзе – не будзе ні дынамікі, ні прагрэсу.

Немагчыма адказаць на пытанне, што ж гэта такое за Усебеларускі народны сход, якая гэта галіна ўлады. Трэцяя палата парламента ці абсалютная ўлада бюракратыі, бо нехта па-за сістэмай патрапіць дэлегатам не здолее, бо відавочна, што выбары дэлегатаў будуць ускоснымі».

Публікацыя з № 4 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»