У новай Канстытуцыі, праект якой, хутчэй за ўсё, будзе вынесены на рэферэндум, фактычна закладзены прынцып двоеўладдзя.

З аднаго боку – прэзідэнт з дастаткова вялікімі паўнамоцтвамі, з другога – так званы Усебеларускі народны сход з былым прэзідэнтам. Прычым УНС мае права зацвярджаць вынікі выбараў, уводзіць надзвычайнае або ваеннае становішча ў абход прэзідэнта, прызначаць і вызваляць суддзяў і старшыню Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, членаў і старшыню Цэнтрвыбаркама, даваць абавязковыя для выканання даручэнні дзяржаўным органам і службовым асобам ды іншае. Ясна, што толькі фармальна ўсе гэтыя абавязкі будуць ускладзены на 1200 дэлегатаў, якія збіраюцца раз-два на год. Рэльна кіраваць будзе прэзідыум УНС.

Ці можа прэзідэнт распусціць Усебеларускі народны сход? Згодна з праектам змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, не.

Ці можа той жа Усебеларускі народны сход адхіліць прэзідэнта ад пасады? Згодна з новым варыянтам Канстытуцыі, калі ў яго будуць уключаны ўсе пункты праекта, так.

Такім чынам, можа здарыцца, што мы атрымаем два цэнтры ўлады. Прэзідэнта як асобу і Усебеларускі сход – прэзідэнта калектыўнага. Прычым апошні непасрэдна народам нават не будзе абірацца.

Да чаго прыводзіць двоеўладдзе, бачна па падзеях у Казахстане. У 2019 годзе Нурсултан Назарбаеў пакінуў пасаду прэзідэнта, але канчаткова не сышоў. Набліжаныя да яго асобы, члены сям’і і члены клана заставаліся моцнымі палітычнымі і бізнес-гульцамі. І, скарыстаўшыся момантам (ці то народнымі пратэстамі, ці то цяжкай хваробай Назарбаева), яны пачалі атаку на «паўпрэзідэнта» Такаева. Як вынік – ахвяры, пагромы, увод замежных войскаў.

Дайшло да таго, што расійскія ваенныя зараз ахоўваюць палац прэзідэнта Казахстана, бо сваім няма даверу. А усё чаму? Таму што Назарбаеў сышоў і не сышоў адначасова, захоўваў за сабой кантроль над сілавікамі, якія, як ўплывовая сіла, зразумелі, што паколькі яны не падпарадкоўваюцца прэзідэнту, то чаму ў такім выпадку павінны саступаць уладу Такаеву?

Якія высновы з усяго гэтага можна зрабіць?

Аніякіх «хітрых схем» транзіту ўлады не існуе. Пытанне ўлады павінна вызначацца на сумленных выбарах. І легітымнасць прэзідэнта на выбарах павінен вызначаць народ, а не нейкая схема «папярэднікаў-пераемнікаў-паўпрэзідэнтаў». Што тычыцца кіраўніка дзяржавы, паўнамоцтвы якога скончыліся, то ён абавязаны проста саступіць дарогу і адысці ўбок.

Зараз, праўда, гучаць і іншыя прапановы: маўляў, нагледзеўшыся на прыклад Казахстана, дзеля стабільнасці і Аляксандр Лукашэнка, і Уладзімір Пуцін павінны трымацца за свае пасады да самага скону. Але гэта, што называецца, ад злога. Бо ніхто не жыве бясконца. Рана ці позна, але пытанне ўлады паўстане. І калі няма традыцыі сумленных выбараў, то спакойна і цывілізавана змена ўлады не адбудзецца. Такі сцэнарый – міна запаволенага дзеяння, закладзеная пад дзяржаву.

Вось чаму, на мой погляд, з праекта новай Канстытуцыі трэба наогул прыбраць усю частку, якая тычыцца Усебеларускага народнага сходу.

Алена НОВІКАВА, мінчанка.

Публікацыя з № 4 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»