Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

Сантэхнік з Гомеля вырашыў не ісці на работу з пахмелля. Свайму начальству і ў міліцыю паведаміў, што нехта абрабаваў кватэру. «Украдзеныя» рэчы міліцыянеры знайшлі ў яго прыбіральні…

Не адна пустая пляшка
Прытулілася ў кутку.
І было назаўтра цяжка,
Вельмі цяжка мужыку.
З самай раніцы нядзелі
Да яго прыйшлі сябры.
Дужа добра пасядзелі –
Закаўталі літры тры.
Не было б настолькі блага,
Каб глынулі літры два.
А цяпер даймала смага,
Быццам цэбар – галава,
Слізкі, мокры ўвесь ад поту…
Як такі мярзотны стан,
Лепш не клыпаць на работу.
Фантастычны гэткі план
Не прыдумаўся б нікому:
Пазваніў начальству ён.
– Не магу я выйсці з дому! –
Пракрычыў у тэлефон. –
Вельмі сумныя падзеі
Разгарнуліся, на жаль:
Пабылі ў мяне зладзеі
І пакралі ўсё амаль…
Адказаў начальнік:
– Веру,
Што ў кватэры быў крадзеж.
Ды з міліцыі паперу
Мне ўсё роўна прынясеш.
Што начальнік – злыдзень рэдкі,
Гэта ведаюць усе:
Мозг аб’есць, калі даведкі
Хтось яму не прынясе,
А затым – крутыя меры:
Апусцее кашалёк…
Гэта значыць, быў з кватэры
І ў міліцыю званок.

І праз час даволі хуткі
Апергрупа – тут як тут.
Абшманалі ўсе закуткі,
Зазірнулі ў кожны кут.
Захлыналіся ад злосці,
Ледзь не вутнулі, калі
Рэчы ўсе, што «сцібрыў» хтосьці,
Там жа ў хованцы знайшлі.
За мужчыну пінкертоны,
Мабыць, возьмуцца ўсур’ёз,
Бо хлуслівым быў ягоны
Пра зламыснікаў данос.
Ды эксцэс паганы гэткі
Рассасецца пакрысе.
Больш хвалюе, што даведкі
Шэфу ён не прынясе…

***
А намнога горш, што з гора
Пазаве сяброў, затым
Разам з імі, як і ўчора,
Зноў мужык нап’ецца ў дым.

А было так добра…

Жывеш жыццём насычаным,
Вакол адны сябры,
Імпэт твой павялічаны
Разы, бадай, у тры,
Хоць жонка і чапляецца –
Ляжыш, плюеш у столь…
А потым высвятляецца,
Што гэта – алкаголь.

Дыета

Як у вас дыета,
Помніце пра гэта:
У абед без хлеба
Сала есці трэба.

Горш за мужа

Ён ад слоў здзівіўся дужа –
Жонка сон разбіла ўшчэнт:
– Горш за імпатэнта-мужа
Палюбоўнік-імпатэнт…

Не ад харошага жыцця

За шчаслівы далягляд
Крочым мы заўжды, хаця
Не ідуць, на добры лад,
Ад харошага жыцця…

«Жаўрукі» і «совы»

Пра людзей усіх сябрук
Мне падкінуў выраз дзіўны:
– Хто «сава», а хто «жаўрук»,
Вызначае халадзільнік…

Навыперадкі

Жыла сям’я – бацькі і сын.
І ўсе, на гора, храпуны.
Навыперадкі як адзін
Заснуць спяшаліся яны…

Публікацыя з № 4 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»