Марыя Калеснікава

Бацька Марыі Калеснікавай распавёў «Народнай Волі» пра сваю сустрэчу з начальнікам Дэпартамента выканання пакаранняў, а таксама пра жыццё дачкі ў Гомельскай калоніі, куды яе перавялі 9 студзеня.

Нагадаем, што 6 верасня 2021 года Марыю Калеснікаву, экс-кіраўніка штаба Віктара Бабарыкі, асудзілі на 11 гадоў калоніі.

Яе затрымалі ў верасні 2020 года і з таго часу ўтрымлівалі ў СІЗА. Днямі Марыю этапіравалі ў Гомельскую калонію, і зараз яна праходзіць адаптацыю ў каранцінным атрадзе.

– З Гомеля мне лісты пакуль не прыходзілі, хаця на гэтым тыдні чакаецца паездка адваката да Марыі, таму нейкія навіны буду атрымліваць праз яго, – кажа Аляксандр Калеснікаў. – Але вядома, што ёй ужо можна пісаць лісты.

Зрэшты, я бачыў Машу напярэдадні Новага года, пасля разгляду апеляцыйнай скаргі. Сустрэча была вельмі цёплай, і, як заўсёды, не хапіла часу. Дачка ў чарговы раз здзівіла мяне сваёй жыццярадаснасцю, стаўленнем да сітуацыі, у якой апынулася.

Безумоўна, сумныя ноткі ў яе голасе таксама прысутнічалі, бо працяглы час яна знаходзілася ў камеры-адзіночцы і практычна не мела зносін з людзьмі. Таму нашы з дачкой спатканні, па сутнасці, гэта маналог Машы, і я ніколі яе не перарываю, даю магчымасць выказацца. Гадзіна заўсёды пралятае, як адна хвіліна.

Як яе здароўе?

– Днямі я быў на прыёме ў начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў, і першае маё пытанне было менавіта пра вынікі этапіравання ў калонію і здароўе дачкі. Мне адказалі, што стан здароўя здавальняючы. Зараз Маша знаходзіцца ў каранціне, праходзіць медыцынскі агляд, пачынаючы ад тэрапеўта і заканчваючы псіхіятрам. Яе знаёмяць з правіламі адбыцця пакарання, умовамі ўтрымання, яна паступова праходзіць адаптацыю.

Была інфармацыя, што Марыя збіраецца паступаць у ВНУ на завочнае навучанне…

– Так, калонія заключыла дамовы з дзвюма расійскімі ВНУ на атрыманне дадатковай вышэйшай адукацыі. Машу гэта вельмі зацікавіла, хаця навучанне будзе на платнай аснове. Хутчэй за ўсё, яе цікавяць спецыяльнасці «псіхалогія» або «эканоміка».

Пра спатканне ў калоніі з дачкой не пыталіся ў начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў?

– Цікавіўся, але ён адказаў, што калонія – гэта не санаторый, таму ўсё вызначана правіламі і інструкцыямі. І, маўляў, спатканні дазваляюцца толькі тым асуджаным, хто не мае заўваг з боку адміністрацыі і стаў на шлях выпраўлення.

А ўвогуле, здаецца, раз на тры месяцы дазволены спатканні.

Публікацыя з № 4 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»