Мы, прадстаўнікі дэмакратычных палітычных партый, лічым, што сёння, калі захоўваецца палітычны крызіс і працягваюцца рэпрэсіі, унясенне змен у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь з’яўляецца немэтазгодным. Падрыхтаваны праект не накіраваны на стабілізацыю палітычнай сітуацыі ў краіне. Пры гэтым прапануецца вынесці на рэферэндум значную колькасць змен адзіным пакетам.

Разам з тым мы нагадваем, што рэферэндум – гэта форма прамой дэмакратыі і палітычныя партыі планавалі сумесную місію міжпартыйнага назірання за правядзеннем гэтага мерапрыемства ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Такое права нам гарантавана арт.66 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая абвяшчае, што падрыхтоўка і правядзенне выбараў праводзіцца адкрыта і галосна. Арт.13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь гарантуе, што «пры правядзенні выбараў, рэферэндумаў маюць права прысутнічаць назіральнікі – прадстаўнікі палітычных партый». Мы праводзілі падобнае назіранне ў межах кампаніі «Права выбару» з 2014 года.

Аднак апошнія месяцы сілавымі ведамствамі краіны разгорнуты пераслед і запужванне грамадзянак і грамадзян, якія бралі ўдзел у назіранні за ходам прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2020 года, у тым ліку сябраў нашых палітычных партый. Акрамя таго, пазбаўлены рэгістрацыі актыўны ўдзельнік папярэдняй кампаніі назірання за выбарамі ПАГА «Рух «За Свабоду». Сітуацыя з распаўсюдам каранавіруснай інфекцыі ў часе выбарчых кампаній выкарыстоўваецца для абмежавання доступу нашых назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі.

У гэтых умовах, сыходзячы з безумоўнага прыярытэту бяспекі сябраў і прыхільнікаў сваіх партый, мы заяўляем аб адмове ад сумеснай кампаніі па арганізацыі місіі міжпартыйнага назірання за падрыхтоўкай і правядзеннем рэферэндуму па змяненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у выпадку яго прызначэння.

Дадаткова паведамляем, што кампанія назірання «Права выбару» спыніла сваю працу ў 2020 годзе».

***

БЛІЦ-АПЫТАННЕ

Ці правільна зрабілі партыі, адмовіўшыся ад назірання на рэферэндуме?

Вольга АБРАМАВА, экс-дэпутат Вярхоўнага Савета і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу:

– Пацешная заява…

Палітычная дэмабілізацыя – сведчанне разгубленасці ў шэрагах партый, якія зрабілі такую заяву. Ні да чога добрага гэта не прывядзе, на мой погляд. Мне ўспамінаецца 2000 год, калі большасць партый прынялі кансалідаванае рашэнне аб байкоце парламенцкіх выбараў. А да гэтага быў фактычна байкот палітычнага дыялогу па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства. З дэмакратычных арганізацый у гэтым дыялогу ўдзельнічалі толькі чатыры арганізацыі, у тым ліку і тая, якую прадстаўляла я, – беларускае аб’яднанне «Яблоко». Тады я асабіста напісала 13 паправак у Выбарчы кодэкс і 7 з іх былі прыняты. Адна з гэтых паправак – увядзенне ўнутраных назіральнікаў у працэс, раней іх не было – толькі міжнародныя. І гэта чыста наша заваёва. Не ўсе нашы папраўкі прынялі, але мы не адчайваліся і рабілі тое, што маглі ў тых умовах. З іншага боку, мы ўбачылі, што аб’яўлены байкот парламенцкіх выбараў не прынёс поспеху тым, хто яго ініцыяваў…

Дык вось мне падаецца, што наша старая апазіцыя за ўсе гэтыя гады так нічому і не навучылася…

Юрый ГУБАРЭВІЧ, палітык, быў старшынёй ліквідаванага па рашэнні суда руху «За Свабоду»:

– Нягледзячы на тое, што апазіцыйныя партыі захавалі фармальны статус зарэгістраваных арганізацый, фактычныя ўмовы для іх статутнай дзейнасці адсутнічаюць. Нават публічна выказаная імі пазіцыя па бягучым моманце, напрыклад па сітуацыі з правамі чалавека альбо дзеяннямі рэжыму, накіраванымі на здачу суверэнітэту, можа разглядацца як крымінальнае злачынства – артыкул 369-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».

Тое ж самае можна сказаць і пра спробы назірання за электаральнымі працэсамі. З аднога боку, гэта права гарантавана партыям і грамадзянам заканадаўствам, з іншага – ужо зараз вядома пра факты пераследу назіральнікаў, якія бралі ўдзел у мінулых кампаніях.

А сам факт супольнай кампаніі назірання з удзелам некалькіх структур можа разглядацца як дзейнасць ад імя незарэгістраванага аб’яднання, якая таксама падлягае крымінальнаму пераследу.

Я цалкам разумею пазіцыю партый, якія не могуць гарантаваць бяспеку назіральнікаў ва ўмовах знішчанага прававога поля ў Беларусі.

Але перакананы, што факты і сведчанні магчымых парушэнняў у ходзе правядзення рэферэндуму схаваць не атрымаецца, як бы хто ні спрабаваў прыдушыць незалежнае назіранне.

Андрэй ДЗМІТРЫЕЎ, экс-кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе:

– Хутчэй рашэнне партый было правільным, чым не.

Гэта канстатацыя сітуацыі, у якой мы апынуліся: за назіральнікамі ў прамым сэнсе слова вядзецца паляванне. І вельмі складана мабілізаваць іх на прынцыповую працу, немагчыма гарантаваць іх бяспеку, калі яны будуць знаходзіцца на выбарчым участку, а не за яго межамі. Мне падаецца, усе разумеюць, што рэферэндум улада праводзіць больш для самой сябе, а шырокае грамадства выключана з гэтага працэсу. Іншая справа, што калі людзі выкажуць жадане назіраць і звернуцца да палітычных партый, бо яны сёння амаль адзіныя, хто захаваў свой легальны статус, то здзіўлюся, калі партыі будуць адмаўляць у садзейнічанні такім добраахвотнікам.

Я апошнія месяцы шмат паездзіў па краіне, сустракаўся з людзьмі і запытваўся, ці гатовы яны быць назіральнікамі, і многія адказвалі: «Не!» Галоўнай прычынай такой прынцыповай адмовы было якраз пытанне бяспекі…

Сяргей КАЛЯКІН, старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет»:

– У нашай краіне, на жаль, не бывае добрых рашэнняў…

Пэўная логіка ў заяве партый праглядаецца. У першую чаргу гэта клопат аб бяспецы людзей. Мы бачым, што і сёння працягваюць пераследаваць тых, хто падпісваўся за альтэрнатыўных кандыдатаў альбо ўдзельнічаў у назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі.

Але, з іншага боку, адмова ад назірання дае ўладам магчымасць заявіць, што яны ўсё робяць дэмакратычна. Калі ніхто не накіруе назіральнікаў, улада можа сказаць: калі б хто прыйшоў, мы б уключылі ў склад камісій…

Я пакуль не ведаю, якое рашэнне прыме наша партыя па гэтым пытанні. Хаця мы ўжо накідалі прыблізны каляндарны план дзеянняў партыі ў выпадку аб’яўлення рэферэндуму, каб нашы арганізацыі былі гатовы. І ў плане ёсць пункты аб тым, што мы будзем вылучаць сваіх прадстаўнікоў і ў склад камісій, і ў якасці назіральнікаў. І мы да гэтага рыхтуемся. Ёсць, вядома, галасы і меркаванні аб тым, што гэта не мае сэнсу, мы падставім людзей і нічога не даб’ёмся. Але я схільны думаць, што мы не павінны спрашчаць жыццё ўладам і даваць ім магчымасць рабіць усё, што яны жадаюць. Таму асабіста я выступаю за тое, каб ісці ў склад камісій і назіраць, што адбываецца на рэферэндуме, каб потым мець дакладную інфармацыю. Калі апынёмся па-за гэтым працэсам, то ў нас не будзе маральнага права яго ацэньваць.

На мой погляд, менавіта зараз палітычным партыям трэба як мага больш працаваць з людзьмі, каб яны актыўна ўключаліся ў працэс абмеркавання Канстытуцыі. Калі мы перакананы, што тых, хто хоча перамен, – большасць, тады чаму даём магчымасць меншасці вызначаць нашу будучыню? Гэта няправільна!

***

Ці не прыслухацца кіраўніцтву Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі «Зялёныя», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Партыі БНФ да тых галасоў, якія гучаць у іх бок, і не змяніць пазіцыю ў адносінах да накіравання сваіх назіральнікаў на рэферэндум?

Публікацыя з № 3 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»