Калі яшчэ не, самы час гэта зрабіць, каб у выхадныя 15–16 студзеня паўдзельнічаць у народным маніторынгу «Птушкі ля кармушкі», які ладзіць грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Штогадовы ўлік птушак, якія прылятаюць да кармушак, праводзіцца ў многіх краінах. Чым больш людзей паўдзельнічае ў своеасаблівым маніторынгу, тым лепш атрымаецца адсачыць змены ў папуляцыях вераб’іных і своечасова зрэагаваць на іх пры неабходнасці. А такая неабходнасць можа быць рэальнай нават для звычайных відаў: дзякуючы народнаму маніторынгу ў Вялікабрытаніі заўважылі скарачэнне папуляцыі шпакоў на 81 працэнт за паўстагоддзе назіранняў.

Такі падыход называецца «народная навука», бо дазваляе сабраць вялікі масіў дадзеных для аналізу. Калі тысячы людзей па ўсёй краіне з году ў год лічаць птушак па адной методыцы, то дробныя памылкі робяцца статыстычна неістотнымі, а сур’ёзныя змены ў папуляцыях – заўважнымі.

Для большай дакладнасці ўсе назіранні за кармушкамі праходзяць ацэнку экспертаў. Непраўдападобныя дадзеныя адсейваюцца, сумнеўныя – удакладняюцца арнітолагамі, якія звязваюцца з назіральнікамі.

Як лічыць птушак?

Гэта нескладана і нават весела, таму ў акцыі «Птушкі ля кармушкі» можна ўдзельнічаць усёй сям’ёй разам з дзеткамі.

15 і (або) 16 студзеня падлічыце віды і колькасць птушак кожнага віду на сваёй кармушцы на працягу адной гадзіны і перадайце дадзеныя арганізатарам. Для гэтага можна запоўніць простую форму (яна будзе працаваць з 15 студзеня да 18.00 16 студзеня) ці напісаць паведамленне ў «Фэйсбук».

Птушак можна лічыць, скажам, і 3–4 гадзіны, але тады павінна быць 3–4 справаздачы пра розныя чародкі птушак па кожнай гадзіне. Вазьміце нататнік, як толькі прыляцяць першыя птушкі, запішыце час і пачніце ад яго адлік гадзіны.

Вызначыць від птушкі вам дапаможа міні-вызначальнік. На кармушцы няцяжка і сфатаграфаваць незнаёмую птушку, каб потым яе вызначыць. Фота можна выкласці ў Telegram-чат «Ціў-ціў», дзе падкажуць, які гэта від.

Для кожнага віду ў фінальнай форме запішыце максімальную колькасць асобін, якая прыляціць да кармушкі цягам гадзіны. Напрыклад, калі вы бачылі, як карміліся 4 зелянушкі, а потым прыляцелі яшчэ і іх стала 10, то гэтую колькасць зелянушак і заносьце ў форму.

Вы ўжо вывесілі кармушку?
Зелянушка

Каб не дубляваць пры падліках адных і тых жа сінічак, а падлічыць усю чародку, трэба заўважыць якую-небудзь асаблівую сініцу (часам птушкі аднаго віду адрозніваюцца між сабой) або прыкмеціць сінюю сініцу ў чародцы вялікіх сініц – і лічыць птушак паміж прылётамі гэтай канкрэтнай птушкі. Напрыклад, прыляцела сіняя сініца, узяла семку, зляцела яе есці. У гэты час вы лічыце іншых сініц і працягваеце да прылёту сіняй сініцы па новую семку.

Больш дакладна птушак у чарадзе можна палічыць, калі агледзець дрэвы і кусты вакол кармушкі і палічыць, колькі птушак вакол ядуць семкі.

Гракоў, галубоў і варон, калі яны цікавяцца кармушкай, лічыце таксама.

Звычайна на кармушкі ў гарадах завітваюць вялікія сініцы, палявыя і дамавыя вераб’і. Усе гады, калі праводзіліся акцыі, яны складалі топ-3 відаў, якія наведваюць кармушкі ў Беларусі. Прылятаюць і сініцы іншых відаў, зелянушкі, таўстадзюбы, дзятлы, часам назіраюцца пералётныя птушкі.

Сярод тых, хто дашле вынікі сваіх падлікаў праз форму, грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» разыграе сувеніры. Шанец выйграць падаруначкі маюць і тыя, хто загрузіць свае фота і відэа з кармушак у спецыяльны альбом у VKontakte.

Натхніцца для ўдзелу ў акцыі і патрэніравацца ў падліку птушак дапаможа анлайн-кармушка ў Белавежскай пушчы, адкуль ідзе жывая трансляцыя.

Вешайце кармушку і публікуйце здымкі з яе ў сацсетках з хэштэгам #птушкілякармушкі.

Кантакты арганізацыі:

г.Мінск, вул.Парніковaя, 11, офіс 4.

(+375 17) 348 76 13, (+375 29) 223 06 13, (+375 29) 101 68 87.

info@ptushki.org

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»