Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

Дырэктару адной з магілёўскіх арганізацый у караоке-бары не спадабалася, як адзін з наведвальнікаў выконваў яго любімую песню. Ён падышоў да таго, хто фальшывіў, і адным ударам выбіў яму ўсе зубы.

Хоць значна горш жылося людзям,
Больш, чым цяпер, было турбот,
Але душой крывіць не будзем:
Раней часцей спяваў народ.
І асабліва на вяселлі
Гучала звонкіх песень шмат.
Спявалі людзі як умелі,
Парою нават неўпапад.
Ніхто не бэсціў гарлапана,
Што роў-галёкаў, як бугай,
Або спяваў зусім пагана:
Раве ад шчасця? І няхай!
А хто-ніхто заместа злосці
Выказваў словы пахвалы…
Цяпер спяваюць рэдка госці,
Калі садзяцца за сталы –
За іх галёкае са сцэны
(Звычайна гэта рэстаран)
І забаўляе вечар цэлы
Якісь наняты «гарлапан»…
Ды хоць артыстаў розных досыць,
Хоць іх у нас наогул цьма,
Душа ўсё роўна песню просіць,
Яна жадае пець сама!
Гурмою ў караоке-бары
Цяпер аматары ідуць.
Ёсць там замшэлыя няздары,
А ёсць такія, што будзь-будзь!
Ды за няправільную ноту
Ніхто не выкажа дакор.
І не стрымаць душы палёту,
Яна, душа, ляціць да зор,
І ў гэты час ад асалоды
Аж захлынаецца спявак…
Аднак, выходзіць, не заўсёды
Бывае менавіта так.
…Дзяцюк, вядома, не Кіркораў

І ўжо тым болей не Кабзон:
Наўрад ці нотны стан агораў,
Перш чым спяваць рашыўся ён.
Аднак лічыў, што быў ва ўдары,
За пояс, так сказаць, заткне
Усіх, хто ёсць у гэтым бары.
А аказалася, што не!
Рашыў другі «спявак з народа»,
Што ўсё якраз наадварот:
«Язык у дзядзькі – як калода.
Нашто ён разяўляе рот?
Нашто псуе настрой і песню?
Каб ён у рэшце рэшт замоўк,
Я гарлапану ў зубы трэсну –
Хай зубы возьме на замок…»
На шчасце, не дайшло да згубы,
Хаця і спраўдзіў свой намер:
Пералічыў, як кажуць, зубы…
Вось толькі сам «баксёр» цяпер
Спяваць адправіцца на «зону»
І на працягу двух гадоў
Там будзе ён раўнёй Кабзону,
Кіркораву ж – і пагатоў…

***

Зрабіць выснову ёсць прычына:
Выказваць будзем нелюбоў
Адзін другому гэткім чынам –
Усе хадзіцьмем без зубоў.

Другая шкарпэтка

Ты не хлопчык ужо, а мужчына,
Ты дарослы зусім, а не дзетка,
Калі раптам без нейкай прычыны
Прападае другая шкарпэтка…
Партрэт апойка
Памяты ўвесь, азызлы твар,
Не мае ні дзяцей, ні жонкі,
І з рота вечны перагар –
Пах захварэлае пячонкі…

Не ўнукі вабяць, а Мальдзівы

– Канешне, вас дагэтуль, мама,
Мы радавалі вельмі мала.
Вы хочаце, каб вас унукі

Пацешылі, каб іх на рукі
Узяць з пяшчотаю маглі вы…
– Хачу я, дзеці, на Мальдзівы.

Шведскі стол

Шведскі стол, дзе ўсе закуску
Выбіраюць, – нам чужы.
Шведскі стол па-беларуску –
На варштаце ў гаражы.

І няма чалавека

Села ў «мабіле» яго батарэйка…
Быў чалавек – і няма чалавека!

Каб людзі поўзалі ля ног

Дзялок нарэшце ўбачыць змог,
Як людзі поўзаюць ля ног.
Ён спосаб вынайшаў харошы:
Вакол сябе раскідаў грошы…

Публікацыя з № 3 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»