Ілюстрацыйны здымак

Расія і Беларусь вядуць перамовы аб магчымым будаўніцтве новай АЭС, заявіў у суботу ў інтэрв’ю тэлеканалу «Россия 24» кіраўнік «Росатома» Аляксей Ліхачоў.

«Усё большая і большая колькасць краін прымаюць рашэнні або аб пашырэнні сваіх атамных магутнасцяў, або прыходзяць у «атамны клуб». Яскравы такі прыклад – Беларусь. Прайшло менш за 10 гадоў (з пачатку будаўніцтва), адзін блок (Беларускай АЭС) ужо ўстойліва працуе, фізічны запуск другога адбыўся пад Новы год. І першае пытанне, якое нам задае ўрад Беларусі: а як мы будзем дзейнічаць, калі збяромся будаваць яшчэ адну атамную станцыю ў Рэспубліцы Беларусь? Мы з вялікай цеплынёй успамінаем усё, што адбывалася за гэтыя гады, але апетыт прыходзіць падчас ежы, і мы ўжо абмяркоўваем будаўніцтва другой станцыі», – паведаміў Ліхачоў.

Раней паведамлялася, што Беларусь разглядае магчымасць будаўніцтва другой АЭС, адпаведнае даручэнне Лукашэнкі прапрацоўвае ўрад, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка напрыканцы снежня.

«Пытанне не вельмі простае, трэба правесці вялікі абʼём навуковых даследаванняў, не толькі эканамічных разлікаў, зыходзячы з комплекснай праграмы развіцця краіны», – сказаў Галоўчанка падчас наведвання БелАЭС.

Для фінансавання будаўніцтва БелАЭС быў прыцягнуты расійскі дзяржкрэдыт на 10 мільярдаў долараў. Першы энергаблок увялі ў прамысловую эксплуатацыю 10 чэрвеня 2021 года. Паводле слоў Галоўчанкі, увод другога энергаблока запланаваны да лета 2022 года.

АД РЭДАКЦЫІ

Дзіўная рэч: ячшэ не на ўсе пытанні, звязаныя з увядзеннем першай атамнай станцыі, беларуская грамадскасць атрымала адказы, а тут ужо кажуць пра новае будаўніцтва. І дзе, скажыце, такая праблема, як развіццё ядзернай энергетыкі, вырашаецца не ўсенародна, а келейна, у калідорах улады? Перш чым дамаўляцца з расіянамі наконт увядзення другой АЭС, ці не вынесці гэта пытанне на нацыянальны плебісцыт?

Публікацыя з № 3 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»