Сяргей Сацук

8 студзеня будзе месяц, як знаходзіцца за кратамі былы галоўны рэдактар зараз заблакіраванага сайта ej.by Сяргей Сацук.

Ён быў затрыманы 8 снежня 2021 года, у яго прайшоў вобыск і адбыўся допыт у Следчым камітэце. Пасля допыту па старой справе паводле артыкула 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару) журналіста ўзялі пад варту, і зараз ён знаходзіцца ў следчым ізалятары.

Нагадаем, што 25 сакавіка 2020 года Сяргея ўжо затрымлівалі па гэтай жа справе. 26 сакавіка яму была абрана мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту, а ў рэдакцыі і ў доме Сацука прайшлі ператрусы. 4 красавіка генеральны пракурор Беларусі адмяніў рашэнне аб узяцці яго пад варту.

– Пастаянная сувязь з Сяргеем у нас праз адваката, але зараз і адвакаты пастаўлены ў такія ўмовы, што мала што могуць сказаць, – кажа Жанна САЦУК, жонка журналіста. – Таму ведаю, што муж жывы і як быццам здаровы, вось і ўсе навіны.

Што датычыцца асабістай перапіскі, то, наколькі я зразумела, нашы лісты Сяргей практычна не атрымлівае, а вось ягоныя рэгулярна даходзяць.

Піша, што нармальна трымаецца. Яму пастаянна мяняюць камеры, пераводзяць з адной у другую. Сутыкаецца з людзьмі розных сацыяльных слаёў, але паведамляе, што там вельмі шмат аднадумцаў, з якімі прыемна пагутарыць.

Рэгулярна перадаём Сяргею лекі, бо ў яго ішэмічная хвароба сэрца. Неабходны прэпараты, якія ён ужывае ўжо некалькі гадоў. А не так даўно папрасіў супрацьзапаленчыя сродкі, магчыма, з’явіліся нейкія новыя праблемы.

Паводле слоў Жанны Сацук, у такой сітуацыі ёй таксама даводзіцца нялёгка.

– Прымаю сітуацыю такой, якая ёсць, – кажа яна. – Сама сяджу на медыцынскіх прэпаратах, бо таксама праблемы са здароўем – у мяне прыроджаны парок сэрца з паталогіяй. Пасля арышту Сяргея здароўя, безумоўна, не дадалося, пастаянна збіваецца сардэчны рытм.

Але дачка з зяцем і дзевяцігадовым унукам зараз са мной жывуць, так што я пад наглядам. Дапамагаюць, на дом прадукты заказваем. Перыядычна я і сама нешта ў краме купляю, каб перадачу адправіць мужу.

Сяргей да пасадкі быў гатовы, бо крымінальную справу не закрывалі, і ён разумеў, што ў любы момант могуць кінуць за краты. З’язджаць за мяжу не збіраўся, ды і немагчыма было гэта зрабіць – быў пад падпіскай аб нявыездзе.

Няпростая і непрыемная сітуацыя, але, думаю, Сяргей вытрымае…

Публікацыя з № 3 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»