Ніна Багінская

Як Ніна Багінская адсвяткавала юбілей

Пра гэты выпадак са знакамітай патрыёткай была інфармацыя на многіх сайтах. Але «Народная Воля» вырашыла выкласці сітуацыю больш падрабязна і з некаторымі каментарыямі.

Узгадаем: у дзень свайго 75-гадовага юбілею легендарная Ніна Багінская пайшла гуляць па цэнтры Мінска з плакатам «Свабоду палітвязням!». Яна, як і ўсе нераўнадушныя беларусы, не можа змірыцца з тым, што тысячы актывістаў, якія выступілі супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, кінуты за краты. Вось і ў чарговы раз вырашыла прадэманстраваць сваю грамадзянскую пазіцыю. У выніку была затрымана, дастаўлена ў міліцыю, потым – у Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя «Навінкі».

Не думала Ніна Рыгораўна, што ўсё так атрымаецца. Але і ні на кога не крыўдзіцца. Яна распавяла:

– Дні народзінаў я даўно не святкую: што ўжо святкаваць, калі надыходзіць старасць. Таму ў дзень свайго юбілею, 30 снежня, я паехала на плошчу Свабоды ў Мінску. Зрабіла плакат «Свабоду палітвязням!», замацавала яго на стужцы і павесіла на шыю паверх паліто. Іду, трымаю абедзвюма рукамі. Падышла на касцёла Святой Марыі, памалілася. Потым перайшла на другі бок – да праваслаўнага Кафедральнага сабора. І тут на прыступках памалілася. Людзей было няшмат. Але хто сустракаўся – чыталі плакат, усміхаліся, віталі.

Далей я спусцілася ўніз да вуліцы Няміга, да прыпынку грамадскага транспарту. Тут ужо людзей было шмат. Нехта глядзеў з цікавасцю, нехта мяне вітаў, нехта сустракаў словамі «Свабоду народу!». Але я ішла досыць шпарка, не прыпынялася, у размовы не ўступала.

Пайшла па Нямізе міма сабора Пятра і Паўла, дайшла да вуліцы Гарадскі вал, павярнула да Міністэрства ўнутраных спраў і праспекта Незалежнасці. Тут да мяне падышлі нейкія мужчына і жанчына. Мужчына пытаецца: «А что это у вас написано? Можно по-русски, я не понимаю». Я яму патлумачыла, што палітвязні – гэта па-руску “политзаключенные”. Што такіх людзей у нашай краіне сотні. Жанчына ад такой размовы занервавалася, пачала цягнуць спадарожніка за рукаў, ён хуценька павіншаваў мяне з Калядамі, і мы разышліся.

Іду далей у бок праспекта Незалежнасці, не прыпыняючыся каля помніка гарадавому. Дайшла да праспекта. Думаю: куды далей – да Чырвонага касцёла ці да КДБ? Вырашыла прайсці міма КДБ, потым перайсці дарогу і па іншым баку праспекта, ля паштамта, дайсці да касцёла. Так і зрабіла. І вось тады, на пераходзе, ля мяне прыпыняецца міліцэская машына, у якой двое маладых міліцыянераў, і яны загадваюць: «Пройдемте».

Я кажу: «Хлопцы, я па-руску не разумею. Па-беларуску, калі ласка».

І праўда, адзін з міліцыянераў пераходзіць на беларускую мову і кажа, што мне трэба з імі праехаць для высвятлення асобы.

Я адказваю: «Што тут высвятляць? Паглядзіце ў пашпарт». Ён узяў пашпарт і загадаў сядаць у машыну. Так мяне даставілі ў Савецкі РАУС.

Міліцыянеры пару пытанняў задалі. Я патлумачыла, што 30 снежня не толькі маё асабістае свята, але і 45-гадовы юбілей у палітвязня Паўла Севярынца. І што я хацела падтрымаць Паўла ў дзень народзінаў. Не пісала плакат «Свабоду Севярынцу!» толькі таму, што, акрамя яго, сотні людзей цяпер у вязніцах пакутуюць – і жанчыны, і мужчыны. Ніякіх папер не складалі.

У выніку сяджу я ў РАУС на зэдліку, побач у «клетцы» нейкі малады хлопец, і тут яшчэ нейкае няшчасце прывозяць. У яго ці то наркатычная ломка, ці нешта іншае, але ён на людзей кідаецца, б’ецца, крычыць: «Перарэжу вены, перарэжу горла». Да мяне кінуўся: «Бабка, дай мне нож». Потым яго заштурхнулі ў клетку і замкнулі, дык ён да хлопца, што там сядзеў, прычапіўся. Вось гэтаму «агрэсіўнаму» міліцыянеры і выклікалі псіхіятрычную «хуткую дапамогу». А далей я не ведаю, як было. Ці міліцыянеры лекарам сказалі, ці яны самі ініцыятыву праявілі, але да мяне падышоў доктар і прапанаваў таксама паехаць з імі ў «Навінкі». Два гады таму ў мяне ўжо такое было, я ўжо ведаю гэты сцэнарый. Таму пагадзілася. Пасадзілі мяне ля шафёра, і мы паехалі. Я – дык нават з камфортам.

У «Навінках» праз некаторы час да мяне падышоў доктар. Запытаўся, як я себя адчуваю. Потым даў падпісаць паперу, што я лічу сябе псіхічна здаровай і не маю патрэбы ў медыцынскай дапамозе. І ўсё. Я села на 18-ы аўтобус і паехала дахаты. У палове адзінаццатай вечара была дома. Карацей, насычаным атрымаўся юбілей.

Дарэчы, на гэты раз я сама сябе нават віншую. Бо ўпершыню пасля затрымання я вярнулася дадому з тым самым плакатам, з якім выходзіла на вуліцу. Раней плакаты заўсёды адбіралі. А на гэты раз ён застаўся са мной.

Ірына МАЛЬЦАВА.

АД РЭДАКЦЫІ

Не будзем далей развіваць версію, скажам толькі: у наш час спроба прыцягнуць да барацьбы з палітычнымі апанентамі псіхіятраў – гэта трывожны званочак з былых часоў.

У Савецкім Саюзе пераконвалі, што пратэставаць супраць савецкай улады могуць толькі псіхічна нездаровыя людзі, таму карная псіхіятрыя працавала напоўніцу. Але зараз нават заканадаўствам вызначана: «Псіхіятрычная дапамога аказваецца пры ўмове наяўнасці папярэдняй згоды пацыента».

Гэта азначае, что псіхіятрычная дапамога, як і любая іншая медыцынская дапамога, аказваецца толькі на добраахватнай аснове. Прымусовае лячэнне магчыма толькі ў выпадках, калі чалавек ўяўляе небяспеку для сябе ці для іншых.

Таму вельмі важна, каб медыкі і надалей заставаліся медыкамі, а не карнікамі. У выпадку з Нінай Багінскай яны паступілі і гуманна, і прафесійна.

Вядома ж, цяпер цяжка дакладна ўстанавіць, хто ініцыяваў накіраванне Ніны Рыгораўны Багінскай у Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя – міліцыянты ці медыкі «хуткай дапамогі». Можна толькі меркаваць, што ў пастарунку не ведалі, што рабіць з гэтай усім вядомай актывісткай. Памятаеце, некалі сам Лукашэнка сказаў: ды не затрымлівайце вы яе. Магчыма, нехта з міліцыянераў узгадаў гэты факт, а тут якраз падвярнулася аказія з хлопцам, якога, не выключана, і трэба было адправіць у псіхбальніцу. А заадно такім чынам вырашылі пазбавіцца і ад Ніны Рыгораўны.

Публікацыя з № 3 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»