Маці Дзмітрыя Жалязнова распавяла «Народнай Волі», што сын ужо знаходзіцца ў Германіі.

Напрыканцы мінулага года беларускія хакейныя клубы пачалі ладзіць дабрачынныя аўкцыёны і праводзіць матчы, каб дапамагчы юнаму хакеісту, у якога знайшлі рак.

12-гадовы хакеіст полацкага «Хіміка-2009» Дзмітрый Жалязноў з шасці гадоў займаецца спортам. Не так даўно ўрачы дыягнаставалі ў яго анкалагічнае захворванне. Патрабавалася закупіць прэпараты для хіміятэрапіі, а пасля правесці аперацыю за мяжой. Паводле папярэдніх разлікаў, неабходна было каля 140 тысяч еўра.

На пачатку снежня было сабрана 40 працэнтаў ад неабходнай сумы. Напрыклад, на гульні «Дынама-2013» сабралі 825 рублёў. Хакеісты «Дынама-Маладзечна» яшчэ ў верасні правялі розыгрыш майкі з аўтографамі ігракоў клуба.

Сваю форму з аўтографамі ігракоў салігорскага «Шахцёра» прадаставіў на аўкцыён Яўген Аксянцюк, падобную акцыю праводзіла і мінскае «Дынама». Клуб падрыхтаваў рэтрашвэдары ўзору 2011 года для гульні з яраслаўскім «Лакаматывам». Матч адбыўся 7 верасня – з таго часу «зубры» выстаўляюць джэрсі на дабрачынныя аўкцыёны. Усе атрыманыя сродкі таксама пайшлі на аплату лячэння Дзмітрыя Жалязнова.

– Уся небаходная сума ўжо сабрана, таму хочацца выказаць словы падзякі ўсім, хто не застаўся абыякавым да лёсу нашага сына і не толькі дапамог ў матэрыяльным плане, але і маральна падтрымаў, – распавяла «Народнай Волі» Анастасія Жалязнова, маці хакеіста. – Дзіма ўжо знаходзіцца ў Германіі, яго рыхтуюць да аперацыі. Пакуль не вызначана, калі яна адбудзецца, але ўсе мы спадзяёмся на лепшае.

Публікацыя з № 3 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»