Уладзімір Міткевіч

(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–100 за 2021 год, №№1,2.)

34. Уладзімір Фёдаравіч Міткевіч (3 жніўня 1872 г. – 1 чэрвеня 1951 г.)

У.Міткевіч – вучоны-электратэхнік, прафесар, акадэмік АН СССР, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі, лаўрэат Сталінскай прэміі (1943).

Уладзімір Міткевіч нарадзіўся ў Мінску. У 1891 годзе скончыў Мінскую гімназію, у 1895 годзе – матэматычнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта. Выкладаў электратэхніку ў Пецярбургскім электратэхнічным інстытуце (1895–1901), фізіку ў Пецярбургскім горным інстытуце (1896–1905), на Пецярургскіх вышэйшых жаночых курсах (1898–1901, 1906–1912), у Пецярбургскім універсітэце (1901–1902). З 1902 года працаваў у Пецярбургскім політэхнічным інстытуце, дзе з 1904 года пачаў чытаць лекцыі па курсе «Тэорыя электрычных і магнітных з’яў». Пры выкладанні вучэння аб электрамагнітных з’явах на аснове ідэй Фарадэя і Максвела У.Міткевіч шырока выкарыстоўваў метады матэматычнай фізікі, даў глыбокі фізічны аналіз працэсаў, што адбываюцца ў электрычных прыладах, тым самым перакінуўшы мост паміж электрафізікай і электратэхнікай. Гэты курс быў упершыню выдадзены ў 1910 годзе пад назвай «Тэорыя электрычных і магнітных з’яў», а ў 1923, 1932 і 1933 гадах кніга была перавыдадзена пад назвай «Фізічныя асновы электратэхнікі». Адначасова чытаў курс «Тэорыя пераменных токаў», у якім шырока выкарыстоўваў графічныя метады для разліку ланцугоў пераменнага току. Гэтымі курсамі ён, па сутнасці, стварыў новую дысцыпліну, якая носіць назву «Тэарэтычныя асновы электратэхнікі».

Адначасова з падрыхтоўкай навучальных курсаў арганізаваў першую ў Расіі лабараторыю па тэарэтычных асновах электратэхнікі, якая была прызначана для правядзення студэнтамі лабараторных работ і стала базай для шэрагу эксперыментальных навуковых прац, што выконваліся У.Міткевічам і яго вучнямі. У 1906 годзе абараніў у Пецярбургскім політэхнічным інстытуце доктарскую дысертацыю пад назвай «Аб вольтавай дузе» і быў абраны прафесарам таго ж інстытута. У 1912 годзе абраны на пасаду дэкана электрамеханічнага аддзялення Пецярбургскага політэхнічнага інстытута.

Навуковыя працы У.Міткевіча прысвечаны вывучэнню электрамагнітных з’яў. Даказаў магчымасць прымянення фарадэеўскай і масквелаўскай фармулёвак закона электрамагнітнай індукцыі для вызначэння электрарухаючай сілы ў абмотках электрычных машын з гладкім і з зубчатым якарамі. Важнае значэнне маюць яго працы па даследаванні вольтавай дугі. Упершыню ўстанавіў прыроду вольтавай дугі і вывучыў умовы яе ўзнікнення і развіцця. Браў удзел у стварэнні ў Расіі акумулятарнай прамысловасці, актыўна працаваў у галіне тэлефаніі і радыё. Упершыню прапанаваў выкарыстоўваць расчэпленыя драты для высакавольтных ліній электраперадачы і навукова даказаў мэтазгоднасць такой канструкцыі ліній. Аўтар навуковых прац «Доследы па намагнічванні горных парод», «Магнітны паток і яго ператварэнне», «Электрычная энергія». Унёс уклад у даследаванні па гісторыі навукі і тэхнікі. Пад яго рэдакцыяй былі выдадзены манаграфіі «Дынамамашына ў яе гістарычным развіцці», «Электрарухавік у яго гістарычным развіцці». Удзельнічаў у распрацоўцы плана электрыфікацыі Расіі (ГОЭЛРО).

Быў абраны членам Рускага электратэхнічнага камітэта міжнароднай электратэхнічнай камісіі, Цэнтральнага электратэхнічнага савета. Уваходзіў у склад рэдкалегіі часопіса «Электрычнасць».

Памёр і пахаваны ў Маскве.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 3 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»