Юрась Мацко

З Юрасём Мацко, адным з самых вядомых на Гродзеншчыне кавалёў, «Народная Воля» гутарыць аб таямніцах і асаблівасцях яго прафесіі.

– Раней без каваля не абыходзілася ні адна вялікая вёска, а цяпер гэта больш мастацтва, чым неабходнасць…

– Магчыма, зараз і на самай справе ўжо няма такой неабходнасці, каб у кожнай вёсцы быў каваль. Коней у вёсках амаль не трымаюць, падковы рабіць няма для каго. Але прафесія не знікла, патрэбна яна і ў вясковых гаспадарках, і на буйных металаапрацоўчых прадпрыемствах. Іншая справа, што там кавальскія работы робяцца пры дапамозе прамысловых інструментаў – вялікіх электрычных прэсаў, молатаў…

Але ж і традыцыя таксама не знікла. Дэкаратыўная металаапрацоўка існавала і працягвае існаваць. Гэта можна пабачыць на вуліцах нашых гарадоў: аздабленне дамоў, рэклама, сувеніры, якія прадаюцца на кірмашах і ў крамах. Да прыкладу, у Чэхіі існуюць адмысловыя прадпрыемствы, на якіх кавалі вырабляюць выключна сувенірную прадукцыю.

– Наколькі я ведаю, вы паводле адукацыі архітэктар. А чаму менавіта кавальская справа? Як вы прыйшлі ў гэту прафесію і як доўга ёй вучыліся?

– Самае цікавае, што я не думаў стаць кавалём. У юнацтве марыў, што буду геолагам альбо мастаком. А ў выніку скончыў архітэктурны факультэт. Падчас вучобы давялося мець пэўнае дачыненне да работы з металам, і гэта мяне зачапіла. Затым пачаў працаваць архітэктарам у «Белрэстаўрацыі»: праектаваў аднаўленне помнікаў архітэктуры ў Гродне. І тут сутыкнуўся з тым, што элементы дэкору з металу не адпавядалі гістарычнай праўдзе. Ды і ў часы Савецкага Саюза належнай увагі гэтаму не надавалася. Дарэчы, у 1980-я гады я ведаў у Беларусі толькі двух майстроў, якія займаліся дэкаратыўным кавальствам. А таму, набраўшыся смеласці, сам пачаў займацца гэтым, хаця ў мяне нядрэнна ішлі справы і з праектаваннем рэстаўрацыі аб’ектаў. На першую замову зрабіў лесвічную агароджу ў памяшканні былога рэстарана «Беласток» у Гродне, парапеты на даху і два ветранікі. Гэта было на самым пачатку 1990-х.

– Якія асноўныя інструменты ў сучаснага каваля? Колькі ў сярэднім важыць молат, кувалда?

– Па сутнасці, нічога асабліва не змянілася: ні форма кавадла, ні молат, ні бой, ні абцугі. І рознае іншае начынне засталося такім самым. Зразумела, што зараз кавальскую зварку замянілі электрычнай, молаты ўводзяцца ў дзеянне не млыном ці коньмі, а электрапрывадам. Гэта натуральна з развіццём прагрэсу. Але кожны каваль карыстаецца і традыцыйнымі інструментамі. Да ўсяго кожны майстар робіць свае прыстасаванні і прылады. І залежыць гэта ад таго, над чым ён працуе.

– А ці толькі з жалезам працуе каваль? З якім металам працаваць лягчэй за ўсё? І з якімі тэмпературамі даводзіцца мець справу?

– Мне зараз згадалася, як некалі казаў цяпер ужо нябожчык мой калега спадар Атрашкевіч: каваль – гэта ўніверсал, ён павінен быць яшчэ і слесарам, і зваршчыкам, і наогул кім заўгодна. І са шклом павінен умець працаваць, і з дрэвам і г.д. Што тычыцца металу – традыцыйна каваль працуе з чорным металам. Ён мяккі, падатлівы пры тэмпературы 900–1200 градусаў. Дарэчы, калі яго ператрымаеш у агні, ён пачынае гарэць, як бенгальскі агеньчык.

– У любой сферы ёсць канкурэнцыя. Ці моцная яна ў кавальскай справе?

– Сапраўды, зараз ужо існуе шмат майстэрняў, дзе робяць на замову якасныя рэчы. Але ўсё залежыць ад рынку. Як толькі ў людзей з’яўляюцца грошы, адразу расце колькасць замоў. Канкурэнцыя, безумоўна, ёсць, але ўзровень выканання застаецца розным. І выбар у выніку залежыць ад замоўцы.

– Як заказчык выбірае менавіта вас?

– Трэба было доўгі час даказваць, што ты ўмееш нешта рабіць. Цяпер наогул адпала неабходнасць у адмысловай рэкламе. Замоўца знаходзіць мяне сваімі шляхамі, і найперш па рэкамендацыі тых, каму я ўжо выконваў нейкія заказы. Пэўны імідж ствараюць у тым ліку і выставы, у якіх я ўдзельнічаю як сябра Беларускага саюза мастакоў.

– Я ведаю, што вы робіце аўтарскія рэчы, самі ствараеце эскізы. Як нараджаюцца ідэі?

– Што датычыцца ідэй, то я найперш падзяліў бы свае работы на тыя, што замаўляюць, і тыя, што ствараю для душы.

На замову часцей за ўсё робяцца функцыянальныя рэчы. Тут важны як практычны аспект, так і эстэтыка, адпаведнасць інтэр’еру, у якім гэта рэч будзе знаходзіцца.

Мастацкія творы, якія я раблю для сябе, нараджаюцца таксама, як і ва ўсіх творчых людзей. Гэта можа быць адказам на падзеі, вынікам роздуму аб эпосе, уражаннямі ад людзей, асэнсаваннем ўчынкаў, пачуццяў…

– У вас ёсць свой стыль? Які ён?

– Думаю, мой стыль – лаканічнасць і выразнасць. Хаця на розных этапах маёй творчасці было па-рознаму.

– Ці ўмее каваль рэстаўраваць метал?

– Метал рэстаўраваць цяжка, а падчас і зусім немагчыма. А вось дэкаратыўныя вырабы з металу шмат рэстаўруюцца, і я таксама займаўся гэтым.

– Якая самая незвычайная замова з усіх, што вы рабілі?

– У мяне было шмат незвычайных замоў. Незвычайнасць часта заключаецца ў тым, каб звычайную рэч, да прыкладу лесвіцу, не толькі зрабіць, але яшчэ і ўпісаць у інтэр’ер.

Ёсць даволі творчыя замоўцы, якія падказваюць свае ідэі, накірункі. Ну вось рабіў дэкаратыўныя чатырохметровыя туі са шклом, дзеля таго каб закрыць, схаваць трубы, якія тырчаць з зямлі. Рабіў камін у выглядзе галавы цмока, кампазіцыю «Глобус» 8,5 метра вышынёй, якая адлюстроўвае зялёны свет нашай планеты, іншае…

– Як доўга робіцца аўтарская рэч? Колькі часу вы праводзіце ў майстэрні?

– Усё залежыць ад таго, што ты робіш. Ёсць рэчы, якія можна зрабіць хутка і цікава. Калі ў цябе яснае ўяўленне, ты добра бачыш тое, што трэба зрабіць, – усё адбываецца на адным дыханні. Натуральна, што мае значэнне памер рэчы, складанасць работы. Гэта як і ў іншых творчых людзей.

А бывае, робіш нейкую рэч і не бачыш, што з гэтага атрымаецца, хаця ведаеш, што павінна быць. У мяне ёсць работы, якія я адкладваю, потым ізноў да іх вяртаюся, але ўвесь час думкі пра іх пры мне. Творчы працэс у галаве ўжо не спыняецца.

Я працую шэсць дзён у тыдзень не менш як па 8 гадзін, а хочацца працаваць больш. Хаця здараецца па-рознаму: бывае, нічога не атрымліваецца, пастаіш і ідзеш займацца нечым іншым.

– Што вам падабаецца ў прафесіі? А можа, нешта вас у ёй шакіруе?

– Мне падабаецца тое, што я раблю, што атрымліваецца. Люблю сваю працу за тое, што яна мужная, мужчынская, разнастайная, за тое, што кожны раз даводзіцца рабіць нешта новае з розных матэрыялаў. І нічога мяне не шакіруе ў ёй – я іншай і не ўяўляю. Хаця памятаю, як мой тата з жалем заўважаў, што вось, маўляў, адвучыўся на архітэктара, а працуе кавалём…

– Ці няма ў вас адчування, што гэта рамяство адмірае?

– Не, няма такога адчування. Часам гляджу па тэлебачанні нейкія праграмы, дзе паказваюць, як людзі ў Нямеччыне, Амерыцы апантана займаюцца падобнай справай, ім гэта падабаецца, і іх праца запатрабавана. Думаю: пакуль існуе архітэктура, чалавек і той самы конь, то будзе і неабходнасць мець каваля.

– Пра што вы хацелі б папярэдзіць тых, хто збіраецца пайсці ў гэту прафесію?

– Каб чалавек стаў сапраўдным кавалём, трэба прайсці вельмі доўгі шлях. А таму цярпенне – гэта асноўная ўмова для тых, хто плануе гэтым займацца.

– Якой вы бачыце сваю прафесію ў будучыні?

– Думаю, што прынцыпова яна не зменіцца. Напэўна, з’явяцца нейкія новыя інструменты, якія палегчаць працу каваля. Мне ўсё жыццё хацелася, каб кавальства было не толькі функцыянальным і дэкаратыўным, а таксама прымалася людзьмі як мастацтва. Мне здаецца, што за гэтым будучыня, бо ручную працу не заменіць ніякі робат, ніякая машына не зможа ўкласці душу ў метал.

Укласці душу ў метал

Укласці душу ў метал

Укласці душу ў метал
Работы каваля Юрася Мацко ў розныя перыяды яго творчасці.

Публікацыя з № 2 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»