Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

Жанчына з Брэста вучыла сваю малалетнюю дачку, як трэба правільна красці. На вачах дзіцяці ў краме яна выцягнула кашалёк з сумачкі пенсіянеркі.

Спачатку я зраблю рэмарку.
Куды бацькі вядуць дзяцей?
Адным цікава ў заапарку,
Другія крочаць у музей
Або прыходзяць да высновы,
Што ўжо ў тэатр звадзіць пара,
Каб дзеткам свет адкрыўся новы,
Які складаецца з дабра.
Падумала і тая мама,
Як пасвятлела ў мазжачку:
«Кудысьці трэба мне таксама
Звадзіць уласную дачку».
Ды пра музеі, што не дзіва,
Не нашапталі ёй глузды,
Бо зроду, пэўна, не хадзіла
Сама ці з хлопцамі туды.
Куды ж найперш цягнула маму,
Дзе падабалася здаўна?
– Хачу цябе завесці ў краму! –
Дачцэ абвесціла яна.
Само сабою, не ў навіну
Дзяўчынцы гэткі праменад.
Яна не раз глытала сліну
Там, дзе цукеркі й шакалад.
«Чаму ж тады матуля кліча?» –
Пытанне моршчыцца на лбе.
Сказала мама таямніча:
– Я пакажу сакрэт табе…
Была дачка вясёлай самай
І хвалявалася, калі
Праз паўгадзіны разам з мамай
У краму блізкую прыйшлі.
Шапнула мама ёй на вушка:
– Цяпер адкрыю свой сакрэт.
Стой тут, сачы за мной, дачушка,
І ўсё запамінай як след.
Спачатку зыркала вачыма,

Нібы галодны ля стала.
Нарэшце хіжая жанчына
Ахвяру вартую знайшла.
Бяды бабуля не адчула,
Калі адклыпала ад кас.
Кружыцца стала, як акула,
Жанчына ля яе якраз.
Злавіла момант і рукою
Дастала з сумкі кашалёк…
Паскудства гнюснае такое
Дзяўчынка згледзела здалёк
І тут жа пляскаць стала ў ладкі,
І расплылася ўсмешка ўшыр:
– Мне мама купіць шакаладкі!
А можа, нават і пламбір…

***
І будзе, мусібыць, ад шчасця
Жанчына плакаць спадцішка,
Калі затым навучыць красці
Сваю дачку
Яе дачка…

Узяла ці ўкрала?

На тэлефон мабільны ўдзень
Жанчына мужу пазваніла.
– К табе на працу кагадзе
Забегла я, – сказала міла. –
І твой пінжак каля стала
Вісеў на крэсле. Мой харошы,
Пяцьсот даляраў я ўзяла.
Ты не злуеш? Я тыя грошы
За туфлі новыя аддам…
– Мне грошай для цябе не шкода.
Зрабіла правільна. Ды там
Я не працую ўжо паўгода.

Калі кароль – голы

У таго, хто на від нехлямяжы,
Ёсць ад жартаў і кпін абарона:
Караля нудысцкага пляжа
Выдзяляе зусім не карона…

95 працэнтаў

Як пра развод ідзе размова
І дзеліш да рубля, да цэнта,

Дык ясна: жонка – не палова,
А дзевяноста пяць працэнтаў…

Лепшыя і горшыя

Зрабіў сусед немалады
Змястоўны вывад (хоць кароткі):
– Мы трацім лепшыя гады,
Каб горшых дачакацца ўсё-ткі…

Публікацыя з № 2 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»