(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–99.)

Яўген Аляксандравіч Рагоўскі (1855 г. – 1923 г.)

Яўген Аляксандравіч Рагоўскі – фізік і метэаролаг, прафесар Пецярбургскага і Харкаўскага ўніверсітэтаў.

Рагоўскі нарадзіўся ў г.Кобрыне Гродзенскай губерні (цяпер Брэсцкая вобласць). Паходзіў з патомнай шляхты Гродзенскай губерні. Яго бацька быў гарадскім урачом.

Яўген Рагоўскі скончыў Беластоцкае рэальнае вучылішча (1874). У 1876 годзе паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут. У 1877-м перайшоў на матэматычнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта. Слухаў лекцыі Дз.Мендзялеева, П.Чэбышава, Ф.Петрушэўскага, І.Боргмана, А.Хвольсана. У 1882 годзе скончыў курс універсітэта са ступенню кандыдата і паступіў на службу ў Пакроўскую жаночую гімназію ў Санкт-Пецярбургу як выкладчык матэматыкі і фізікі. Адначасова быў пакінуты пры Пецярбургскім універсітэце для падрыхтоўкі для атрымання прафесарскага звання і працаваў там у фізічнай лабараторыі пад кіраўніцтвам прафесара Ф.Петрушэўскага.

З 1891 года выкладаў фізіку і матэматычную геаграфію ва Увядзенскай мужчынскай гімназіі. З 1885-га да 1904 года быў памочнікам рэдактара фізічнай часткі часопіса «Журнал Русского физико-химического общества» і на працягу некалькіх гадоў кіраваў практычнымі заняткамі студэнтаў у фізічнай лабараторыі Пецярбургскага ўніверсітэта. У 1887 годзе быў камандзіраваны Рускім фізіка-хімічным таварыствам на станцыю Падсолнечная (Маскоўская губерня) для фотаметрычных вымярэнняў у складзе камісіі па даследаваннях поўнага сонечнага зацьмення, якое назіралася 7 жніўня 1887 года. У 1903 годзе за працы «Аб складзе атмасферы сонца і планет і іх тэмпературы» і «Яшчэ пра тэмпературу і склад сонца і планет» быў удастоены Рускім астранамічным таварыствам прэміі і медаля імя Гасудара імператара Мікалая Аляксандравіча.

У 1903 годзе абараніў дысертацыю «Аб знешняй цеплаправоднасці сярэбраных дратоў у вадзе» на ступень магістра фізікі. На працягу 1903–1904 гадоў чытаў лекцыі па кінетычнай тэорыі газаў у Пецярбургскім універсітэце ў якасці прыватдацэнта, адначасова працаваў у гімназіях. Чытаў публічныя лекцыі аб тэрмаэлектрычнасці, аб Сонцы, а таксама публічны курс гідрастатыкі. У 1904 годзе быў абраны выконваючым абавязкі экстраардынарнага прафесара па кафедры фізікі і метэаралогіі імператарскага Харкаўскага ўніверсітэта. Чытаў курс метэаралогіі і механічнай тэорыі цяпла, адначасова курс эксперыментальнай фізікі ў Харкаўскім ветэрынарным інстытуце.

Навуковыя працы, якія друкаваліся ў «Журнале Рускага фізіка-хімічнага таварыства», «Nature», «Astron. Nahhrichten» і іншых, прысвечаны такім пытанням, як будова зямной атмасферы, тэмпература і склад атмасферы Сонца і планет, сонечная радыяцыя, кінетычная тэорыя газаў. Праводзіў фотаметрычныя назіранні.

З’яўляўся пажыццёвым сябрам Рускага фізіка-хімічнага таварыства і сапраўдным сябрам Рускага астранамічнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу, Французскага фізічнага таварыства ў Парыжы і Харкаўскага матэматычнага таварыства.

Памёр у Харкаве.

(Працяг будзе.)

Публикация из № 2 газеты “Народная Воля”. Подписаться на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»